Беларусь адзначыла Дзень роднай мовы

21 февраля 2019

Мова нашай радзімы, у якой ёсць рашучасць і цвёрдае слова "гонар", мяккае "пяшчота". Наша мова жыве ў школьных падручніках і творах літаратуры, казках і навуковых даследаваннях. Нарэшце, яна жыве ў кожным з нас. І сёння ўсе мы нясем адказнасць за захаванне яе для нашых нашчадкаў. У Дзень роднай мовы ў нашай праграме выйдзе адразу некалькі матэрыялаў на беларускай мове. Як краіна адзначае свята - працягне Наталля Бардзілоўская.

У 20-гадовай гісторыі легендарнага гурта J:МОРС было шмат знакаў увагі і прызнанняў ад прыхільнікаў. Але такога прывітання артысты яшчэ не бачылі - не чулі. Іх беларускі рок на беларускай мове пераспяваў японец. Яго відэапасланне, адрасаванае Мінску, у лічаныя хвіліны ўзарвала YouTube.

27-гадовы Тадашы Нішымота жыве ў горадзе Осака. У песні J:МОРС улюбіўся завочна. Стаў вывучаць нашу мову. Праўда, дакладна невядома, што было першасна: ці то мелодыка беларускага слова паўплывала на японца, які ў жонкі абраў беларуску.

Мова - гэта каханне

Ці то дзяўчына Маша з Мінска зачаравала іншаземца настолькі, што хлопец стаў апантаны нашай культурай. Летась беларуская жонка прывезла японскага мужа на сваю радзіму. Тадашы пабыў у Мірскім і Нясвіжскім замках, паглядзеў сталіцу, пабыў на канцэрце куміраў.

Спадар Нішымота - не першы беларускамоўны японец. На філфаку БДУ ўзгадваюць Кена Сібата - сёння прафесар Цукубскага ўніверсітэта. У 2015 навучаўся у нас, захапіўся словам Багдановіча і пераклаў "Вянок" на японскую мову.

Мова - гэта дыпламатыя

На філалагічным факультэце БДУ рыхтуюць спецыялістаў, якія будуць выкладаць беларускую мову ў замежжы. Гэта беларусы, якія мяркуюць настаўнічаць па-за межамі Айчыны, і замежныя студэнты, якія беларускае слова павязуць да сваіх землякоў.

Люсі Бускс марыць пра прафесію пасла, будучую дыпламатычную місію хацела б несці ў Беларусі. Навучэнка Нацыянальнага інстытута замежных моў Францыі, парыжанка, не мае ніякіх славянскіх каранёў. Апантанасць нашым вектарам тлумачыць проста: падабаецца. Беларускую мову яна вывучае ў сябе на радзіме, практыкавацца едзе ў Мінск.

Вучыцца чытаць Купалу і Коласа на мове арыгінала. І з беларускімі аднагодкамі прынцыпова па-беларуску абмяркоўвае навінкі моды. Хаця наш склад францужанцы даецца няпроста.

Мова - гэта мода

Беларуска па бацьку, краснаярская па нараджэнні   Каця Цікота распрацавала ўласны дызайнерскі брэнд. На моднай лінейцы асаблівы поспех у рэчаў з беларускім наборам літар. На мове. Кідкія фразы Каця прыдумляе сама.

Мода - гэта смак

У цэнтры сталіцы энтузіясты беларускага з роднай мовай знаёмяць праз нацыянальную кухню. Цярцюха, халяўкі, крылаты вяпрук, торбачкі - гэта ўсё можна есці.

Тысячы сабраных тут рэцэптаў не прэтэндуюць на статус высокай кухні. Адны з флагманаў айчыннага рэстараннага бізнесу прапануюць стравы, якія гістарычна гатавалі ў розных рэгіёнах Беларусі. Моўныя дыялекты - у назвах простай сялянскай і больш мудрагелістай шляхецкай ежы. Гарбузянка, верашчака, кручонік, крупнік. Старажытныя і сучасныя кухмістары былі і застаюцца перакладчыкамі са старадаўняй на сённяшнюю мову. Яны ж за мультыкультурны дыялог: у тутэйшым меню ёсць і татарскія, і яўрэйскія стравы.

Мова - гэта вера

Хлеб духоўны. У праваслаўных ВНУ з вуснаў выкладчыкаў і студэнтаў усё часцей гучыць беларускае. Ад лекцый і заняткаў па-беларуску да царкоўных набажэнстваў, якія ўсё ў большай колькасці прыходаў і храмаў, акрамя як на класічнай для літургій - царкоўнаславянскай, праходзяць яшчэ і на беларускай мове.

Летась спрацавалі. Сёлета атрымалі прэмію "За духоўнае адраджэнне". Абедзве хрысціянскія канфесіі (і католікі, і праваслаўныя) падарылі беларусам пераклад "Евангелля" на роднай мове. Справа шматгадовая.

Зразумела, мовы змяняюцца. З'яўляюцца свае даведнікі і ў IT-тэхналогіях, і ў рухавіках навукова-тэхнічнага прагрэсу. І хоць па сённяшні дзень навукоўцы выдаюць даследчыя шматтомнікі на і па беларускай мове, новаму пакаленню насіць з сабой ў кішэні беларускі размоўнік не трэба. Хіба толькі турыстам.