Беларусь адзначыла 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча

11 декабря 2016

"І тчэ, забыўшыся рука, заміж пярсідскага ўзору цвяток радзімы васілька"… Гэтыя радкі і без музыкі меладычныя. На тыдні Беларусь адзначыла 125-годдзе з дня нараджэння іх аўтара, мабыць, самага любімага беларускага паэта Максіма Багдановіча.

Юбілейныя святкаванні, якія развярнуліся па ўсёй краіне, сёлета набылі небывалы маштаб і не толькі творчае, але і духоўнае гучанне. 9 снежня, дзень нараджэння паэта, адкрыўся знакавым і ўрачыстым цырыманіялам пад назвай "Вяртанне". У храм-помнік у гонар Усіх святых у Мінску ў суправаджэнні роты ганаровай варты была дастаўлена часцінка зямлі з Ялты,  месца, дзе Багдановіч пайшоў з жыцця і быў пахаваны. Рэліквія была змешчана ў адну з ніш храмавай крыпты. Падзеяй дня стала адкрыццё новай экспазіцыі ў рэканструяваным музеі Максіма Багдановіча. Ля помніка паэту школьнікі і студэнты чыталі непраграмнае і любімае з паэтычнай спадчыны класіка. Апагеем жа святкаванняў стаў вечар, калі на плошчы Парыжскай камуны ля манумента паэту адбыўся памятны мітынг "Пакланіся Максіму". З 125-годдзем з дня нараджэння Багдановіча ўсіх беларусаў павіншаваў Кіраўнік дзяржавы.

Зразумелы феномен усенароднага шанавання Багдановіча. Ён сам любіў Беларусь і здолеў, магчыма, не ўсведамляючы таго, закласці ў вершы культурны ген народа. Зрэшты, дагэтуль загадка  феномен самой беларускасці паэта. Як чалавек, які нарадзіўся тут, але ў сукупнасці пражыў на гэтай зямлі не больш за пяць гадоў, змог захаваць пачуццё Радзімы і пранесці яго да канца. Як, пражыўшы ўсяго 25 гадоў, здолеў стаць патрыярхам літаратуры?

У пошуках адказаў наш культурны аглядальнік Наталля Бардзілоўская ажыццявіла вялікае падарожжа ў гісторыю творчай спадчыны Багдановіча. 

Заходняя ўскраіна Ялты. Тут, каля падножжа Нікіцкай грады, на камяністай глебе ў кіпарысавым гаі раскінуліся старыя (афіцыйна  ад пачатку XX стагоддзя) могілкі горада. І менавіта тут у маі 1917 года знайшоў свой апошні прытулак беларускі паэт.

Сум па Беларусі. Адкуль? Нарадзіўся ў Мінску, у 2 гады  з бацькамі пераехаў у Гродна. Несвядомы ж узрост. Яму было 5, калі памерла маці, і з бацькам дзеці пераехалі на Волгу. Як навучэнец расійскай гімназіі Максім захапіўся беларускай мовай? Хтосьці ўзгадвае ніжагародскага настаўніка-беларусіста, хтосьці бацьку-этнографа, які прывіваў дзецям любоў да кнігі і да сваёй культуры. Так ці інакш, у 16 Максім дэбютуе з беларускамоўным  творам «Музыка». Пераезд у Яраслаўль – і ў назвах новых твораў зноў туга. Пазней Вільня  і яго знакамітае: “тчэ, забыўшыся рука, заміж пярсідскага ўзору цвяток радзімы васілька…”. У 18 Багдановічу давялося на свае вочы параўнаць узгаданыя ў вершы пейзажы поўдня з роднымі беларускімі. Паэт убачыў мора.

Першае знаёмства Багдановіча з Крымам адбылося тут: ускраіна Ялты, мястэчка Аутка, славутае, між іншым, белай дачай самога Антона Паўлавіча Чэхава. Тут жа малочная ферма альбо так званы пансіён Шалаш. Менавіта туды ўлетку 1909 года сына Максіма на лячэнне адправіў яго бацька…

Зараз гэта вуліца імя Максіма Багдановіча. На доме пад № 2 мемарыяльная дошка. Будынак не крануў час – ляпніна накшталт «Страцім-лебедзь» - па-ранейшаму на фасадзе. Сёння тут уладарыць зямельна-кадастравая фірма, ад яе - еўрарамонт. А больш за стагоддзе таму дом узвёў ялцінскі настаўнік Іван Тарнані. Невялікі санаторый для простых незаможных людзей, якія прыязджалі на мора лячыць сухоты.

Сярэднеземнаморскі клімат той жа, што ў Сан-Рэма ці Ніцы: цепла, сонечна, горна-марское мяккае паветра. З часоў Расійскай імперыі  Ялта пераўтварылася ў буйную курортную будоўлю, затым  савецкі папулярны курорт. І ўсё ж  пачатак стагоддзя і Багдановіч, які прыехаў не купацца ў моры, а лячыць тыя ж сухоты. Ад сухотаў у 26-гадовым узросце памерла маці Багдановіча. З-за іх жа не стала яго брата.

Медыкі не пацвярджаюць, але лірыкі настойваюць: у Крыме Багдановічу стала лепш. І не толькі ад горна-марскога паветра і якаснай ежы. Паэт ажыў душой. Ні фота, ні падрабязных апісанняў М.А. Кіціцынай не засталося. Гавораць, гэта была з містычнымі, дэкадэнцкімі настроямі маладая дзяўчына. Дакладна вядома, што ёй прысвеціць і верш.

Са спадарыняй Кіціцынай Багдановіч будзе перапісвацца і тады, калі вернецца ў Яраслаўль. Але стары раман перакрэсліць 1915 год і новае паўднёвае захапленне.  Багдановіч зноў “ля мора” - паэт захапляецца армянкай Клаўдзіяй Салтыковай, але маральнасць. Тая ж замужам. 1916, лірычная перапіска з Вандай Лявіцкай. Дзеля яе з рызыкай для жыцця, пераадольваючы кіламетры, Багдановіч ехаў у прыфрантавы Мінск. Апошнія паўгода  сухоты прагрэсіравалі. Сябры, у прыватнасці, Змітрок Бядуля, у доме якога і жыў Багдановіч, сабралі грошы і адправілі Максіма зноў у Ялту, Крым.

Сакавік 1917 года. Падчас другога крымскага візіту Багдановіч селіцца таксама ў Ялце, але ўжо бліжэй да мора. Дом па вуліцы Нікалаеўскай, 8  вокнамі выходзіць на марскі пейзаж. Але, напэўна, гэта і становіцца прычынай пагаршэння здароўя паэта. У сакавіку тут вільгаць, асаблівы вецер – ён не спрыяе выздараўленню.

З сакавіка па май Багдановіч жыў менавіта тут. Ад дома гаспадыні жылля Марыі Цямко амаль нічога не захавалася: некалькі прыступак уваходнай лесвіцы, рэшткі падмурка. Іх зберагаюць, як рарытэт. Побач  клуб ваеннага санаторыя “КЧФ-Ялта”. На сцяне будынка  мемарыяльная дошка.

У ноч з 24-га на 25-га мая (па старым стылі  з 12-га на 13-га) Багдановіча не стала. Ішла вайна - бацька быў далёка, са спазненнем даведаўся пра сына, не паспеў на пахаванне.

У сваіх залах Ялцінскі гісторыка-літаратурны музей арганізаваў невялічкі куток Багдановіча. Тут фота, замалёўка яго ялцінскага дома. Сярод каштоўнай аўтэнтыкі сапраўды сумны экспанат  - метрычная кніга сабора Аляксандра Неўскага, 1917 год. На 130 старонках запісы пра тры галоўныя царкоўныя таінствы: хрышчэнне, вянчанне і адпяванне. За датай 12 мая (па старым стылі) пазначана:  «сялянін 02-06-51 горада Яраслаўля Максім Адамавіч Багдановіч памёр ад сухотаў. Хто  хаваў - свяшчэннік Віктар Бажэнаў  з псаломшчыкам Якавам Розавам”.

Цэнтральны храм Ялты – Аляксандра-Неўскі сабор. Узведзены ў памяць аб забітым цары Аляксандры Другім. Дата закладкі і пачатку будаўніцтва гэтага храма – 1891 год, год нараджэння Максіма Багдановіча.

Замест любімых багдановіцкіх валошак  ля ялцінскай магілы сінія барвенкі.

Выява «цвятка Радзімы васілька»  і на капсуле, што пакладзена ў нішу крыпты сабора Усіх святых Мінска. Да 125-годдзя з дня  нараджэння паэта і амаль праз стагоддзе пасля яго скону  на радзіму класіка прывезлі жменю зямлі з яго апошняга прыстанішча. Спецыяльная духоўная дэлегацыя ездзіла на паўднёвае ўзбярэжжа Крыма, каб даставіць хаця б кавалачак матэрыяльнай памяці пра Песняра. І спраўдзіць яго  жаданне спачыць ва ўлонні Радзімы.