Беларусь вызначылася са сваім прадстаўніком на музычным конкурсе "Еўрабачанне-2017"

21 января 2017

Беларускамоўная кампазіцыя "Гісторыя майго жыцця" ў выкананні Navi перамагла ў нацыянальным адборы. Арганізатарам праекта выступіла Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. Прамую трансляцыю гала-канцэрта вялі тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама сайт медыяхолдынга tvr.by. Падчас шоу артысты здзіўлялі не толькі вакалам, але і арыгінальнымі касцюмамі, сцэнаграфіяй, дэкарацыямі. Закуліссе нацыянальнага адбору і першае інтэрв'ю трыумфатара ў рэпартажы Іны Пілевіч.

Падняць на сцэну 500-кілаграмовую крыгу за 30 секунд. Укласціся ў некалькі імгненняў - правіла пастаноўшчыкаў міжнароднага конкурсу.

Сваім выступленнем на нацыянальным адборы на "Еўрабачанне" група "PROвакацыя" прымусіла пахвалявацца як арганізатараў праекта, так і гледачоў. Пад святлом сафітаў ледзяная дэкарацыя стала раставаць. Эфект нечаканасці даў свой вынік. Дуэту тэлепубліка паставіла максімальную адзнаку.

А вось першапачатковы фаварыт адбору - гурт NUTEKI - праспяваў свой хіт з клеткі. Быццам Дэвід Коперфільд франтмен скінуў з сябе ланцугі, а масіўная дэкарацыя ўзнялася над сцэнай.

NUTEKI, як і NAPOLI чацвёрты раз штурмуюць нацыянальны адбор. Для артыстаў гэта ўнікальны шанц прадэманстраваць свае песні ў прайм-тайм. За анлайн-трансляцыяй беларускага адбору сачылі не толькі фанаты з краін-суседак, але і з Іспаніі, Германіі, ЗША. А на тэлестудыі працавалі прадстаўнікі двух дзясяткаў сродкаў масавай інфармацыі. У якасці выдатнай пляцоўкі для раскруткі наш нацыянальны адбор разглядаюць як зоркі шоу "Голас", "Х-фактар", так і вулічныя артысты. Мікіта Ходас, які раней спяваў у пераходах, напярэдадні дэбютаваў у рэспубліканскім эфіры і адразу апынуўся ў сярэдзіне рэйтынгавай табліцы.

У гэтым сезоне за пуцёўку на "Еўрабачанне" змагаліся 13 фіналістаў - як калектывы, так і сольныя выканаўцы. Іх нумары ацэньвалі гледачы і прафесійнае журы. Падлік галасоў па класічнай формуле 50 на 50.

10 хвілін, каб падтрымаць свайго фаварыта. Менавіта столькі доўжыцца галасаванне. Гледачы аддаюць свае перавагі з дапамогай СМС і тэлефанаванняў. А тым часам усе камеры звернутыя да Green Room, дзе ўдзельнікі чакаюць вынікаў галасавання.

Для гледачоў лепшая "PROвакацыя", а для суддзяў - NaviBand. Пасля падсумоўвання балаў максімальная адзнака дасталася апошнім. NaviBand першымі ў гісторыі "Еўрабачання" выканаюць беларускамоўную песню.

Па традыцыі трыумфатары выканалі свой хіт на біс у фінале гала-канцэрта. У эйфарыі артысты разбілі трафей - хрустальнае еўравізійнае сэрца. Спадзяюцца, на ўдачу ў міжнародным конкурсе, які адбудзецца ў маі ў Кіеве.