Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2019" прадставіць Лізавета Міснікова

21 сентября 2019

Напярэдадні позна вечарам Беларусь выбрала свайго прадстаўніка на дзіцячае "Еўрабачанне-2019". У Белтэлерадыёкампаніі адбыўся гала-канцэрт фіналу нацыянальнага адбору. Па выніках змяшанага галасавання перамога дасталася 14-гадовай Лізавеце Місніковай. Менавіта яна адправіцца на прэстыжны песенны форум у Польшчу.

Першыя эмоцыі пераможніцы і бэкстэйдж конкурсу ў рэпартажы Дар'і Тарасавай. Дзявочнік на сцэне нацыянальнага адбору. На гала-канцэрце гучаў выключна жаночы вакал. І гэта ўпершыню за ўсю гісторыю конкурсу. Хаця ўвогуле на еўравізійную пуцёўку прэтэндавалі больш за 800 юных артыстаў у розныя сезоны. Сёлета ў фінале 8 сольных выканаўцаў, 2 каманды і адна мара на ўсіх – атрымаць статуэтку і праспяваць на ўсю Еўропу.

Гіганцкі бубен, зіхатлівыя аркі і сажалка прама на сцэне - так фіналісты эксперыментавалі з падачай кампазіцый. Кожнае дзеянне вакалістаў падсвечвалі сотні прыбораў. Для трансляцыі задзейнічалі самую розную тэхніку. Здымалі краны, стэдыкамы і рэйкі.

Сэрца трансляцыі знаходзіцца за межамі здымачнай пляцоўкі і нават па-за Белтэлерадыёкампаніяй. Галоўная ўдзельніца нацыянальнага адбору - "Ефрасіння" - выканаўца без нумара ў гала-шоу. Сюды, у тэлестанцыю на колах, паступае сігнал з дванаццаці камер, а пасля разлятаецца на экраны, каб шоу ўбачылі не толькі ў студыі, але і ў кожным доме.

Настрой на пляцоўцы задаваў дуэт вядучых. Стэндап-комік Андрэй Макаёнак і Хелена Мерааі, якая ведае ўсё аб кухні песеннага конкурсу, вакалістка вяла дзіцячае "Еўрабачанне", якое летась прымала Беларусь, і сама ў 2017 годзе прадстаўляла нашу краіну на конкурсе. Навічкоў на еўравізійнай ніве падтрымалі і тыя, каму знаёмае хваляванне перад вялікай сцэнай. У якасці запрошаных зорак прадстаўнікі Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні" розных гадоў.

10 хвілін на тое, каб выбраць голас дзіцячага "Еўрабачання". Столькі часу ў прамым эфіры адвялі на анлайн-галасаванне. Выбіралі тэлегледачы і журы. Склад апошніх да пачатку гала-канцэрта трымаўся ў сакрэце. Імя пераможцы даведаліся   ў недзіцячы час. Лізавета Міснікова атрымала больш за паўтары тысячы галасоў ад тэлегледачоў і 10 балаў ад журы. Выйшла на сцэну першай і забрала сэрца нацыянальнага адбору. Са сваёй песняй Ліза адкрывала гала-канцэрт. Для дзяўчынкі гэты нацадбор стаў апошнім прахадным на дзіцячае "Еўрабачанне". Сёлета вакалістцы споўнілася 14. Раней яна тройчы спрабавала трапіць у фінал.

Для міжнароднага эфіру нумар мадэрнізуецца. Магчыма песня Лізаветы Місніковай загучыць у акустычнай версіі. А ўжо 24 лістапада Ліза праспявае на сцэне "Глівіцэ Арэны". Сёлета дзіцячае "Еўрабачанне" ўпершыню прымае Польшча.