Беларусь рыхтуецца адзначыць 125-ю гадавіну з дня нараджэння Максіма Багдановіча

8 декабря 2016

Беларусь рыхтуецца  адзначыць заўтра 125-ю гадавіну з дня нараджэння беларускага класіка  Максіма Багдановіча. Паэт, публіцыст, перакладчык - ён пражыў усяго 25 гадоў, але стаў адным са стваральнікаў нацыянальнай літаратуры. Менавіта факт юбілею Багдановіча адыграў вырашальную ролю ў тым, што 2016 быў аб’яўлены Годам культуры. Асноўныя  мерапрыемствы пройдуць у Мінску.  Каля апоўдня ў крыпту храма-помніка Усіх святых заложаць капсулу з зямлёй з магілы паэта. А ў 14 гадзін  ля помніка Багдановіча ў Мінску  пачнецца літаратурная акцыя "Расцем разам з  Максімам", у якой студэнты і выкладчыкі, віп-персоны і прадстаўнікі грамадскасці будуць чытаць  творы Багдановіча. А з 17:30 да 18:00 ля манумента адбудзецца памятны мітынг  "Пакланіся Максіму".
Заўтра  ў Траецкім прадмесці пасля некалькіх гадоў рамонтных аднаўленчых работ адкрыецца абноўленая экспазіцыя музея Максіма Багдановіча. 5 залаў, сотні прадметаў. Сярод іх  арыгінальныя асабістыя рэчы паэта. Будуць таксама прадэманстраваны сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі.
На найноўшых інтэрактыўных экранах можна будзе пагартаць адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Багдановіча  "Вянок",  азнаёміцца з радавым дрэвам класіка. Выстаўлена прыкладна пятая частка музейных фондаў, таму экспазіцыя будзе пастаянна абнаўляцца.