Беларусь вачамі японца

21 июня 2013
Знакаміты рэдактар японскага каталога Падарожжа па свеце Кавада Хідэфумі працягвае знаёміцца са славутасцямі Мінскага рэгіёну. За дзесяць дзён японец убачыў каля чатырох дзясяткаў помнікаў гісторыі. І найбольшае ўражанне на яго аказаў палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы.

Чым зачараваў замак японца, ведае Аляксандр Харавец.


Першым пунктам у падарожжы па Нясвіжы для Кавады Хідэфумі стаў Фарны касцёл. Звычайна японец фатаграфуе толькі знешняе аблічча будынкаў, аднак помнік архітэктуры ранняга барока настолькі захапіў японца, што ён правёў у ім каля гадзіны.


Кавада Хідэфумі, рэдактар японскага каталога Падарожжа па свеце: Я ўпершыню бачу такі пышны дэкор, купал і скляпенні, распісаныя фрэскамі. У японскіх храмах усе сцены і столі звычайна белыя. І калі сустракаюцца роспісы, то яны не такія багатыя, як тут. У гэтым касцёле больш за 40 розных кампазіцый, і ўсе яны незвычйнай прыгажосці.


Перш чым наведаць замак Радзівілаў спадар Кавада прайшоўся па паркавым ансамблі. Сціплы жыхар Краіны ўзыходзячага сонца быў прыемна ўражаны хараством цяністых алей і дэкаратыўных азёр.


Кавада Хідэфумі, рэдактар японскага каталога Падарожжа па свеце: Вобраз замка, які адлюстроўваецца у вадзе, як бы акунае ў гісторыю. Мне як турысту тут вельмі падабаецца. Ціха, спакойна і хочацца ўсё гэта сфатаграфаваць і абавязкова расказаць суайчыннікам. Аднак фотаздымак не заўсёды можа паказаць усё, што хоча сказаць аўтар. Таму я абавязкова дапоўню здымкі каментарыямі.


Ужо ў сценах замка знакаміты японец убачыў фрэскі з японскімі матывамі. І хаця ад былога хараства радзівілаўскіх пакояў засталіся толькі асобныя фрагменты, гэта не перашкодзіла спадару Каваду на некалькі хвілін перанесціся ў родную Краіну ўзыходзячага сонца.


Кавада Хідэфумі, рэдактар японскага каталога Падарожжа па свеце: Мне прыемна усведамляць, што нават у тыя далёкія часы беларусы ўжо ведалі пра культуру Японіі. Гэтыя фрэскі нагадалі мне аб маёй краіне. І я адразу спытаўся сябе, а ці ёсць у нас дзе-небудзь фрэскі з беларускімі матывамі?


Тры гадзіны, адведзеныя на экскурсію па палацы, праляцелі як адна хвіліна. За гэты час Кавада Хідэфумі не толькі даведаўся шмат новага пра гісторыю нашай зямлі, але і адчуў на сабе былую моц і славу нашых продкаў.


За 10 дзён знаходжання ў Беларусі Кавада Хідэфумі наведаў каля чатырох дзясяткаў славутасцяў нашай зямлі. І найбольшае ўражанне на яго аказаў менавіта Нясвіжскі замак. Ужо заўтра японец зноў убачыць родную Краіну ўзыходзячага сонца і пачне пісаць даведнік для турыстаў. Плануецца, што каталог Падарожжа па свеце выйдзе ў чэрвені наступнага года.