Банк даных валанцёраў на дзіцячым "Еўрабачанні" будзе сфарміраваны да 5 верасня

6 августа 2018

Прыём заявак у валанцёры на дзіцячае "Еўрабачанне" прадоўжаны да 25 жніўня. Жадаючых працаваць з замежнымі дэлегацыямі чакае насычаная праграма: заняткі па замежнай мове, трэнінгі. Сустрэча з тымі, хто жадае далучыцца да галоўнай музычнай падзеі восені, сёння прайшла ў беларускай сталіцы. Кіраўнікі семінараў распавялі падрабязнасці падрыхтоўчай праграмы, адбыўся і танцавальны флэшмоб. Усяго рух "Добрае сэрца" плануе набраць каля трохсот кандыдатаў, але галоўнае слова - за Белтэлерадыёкампаніяй. Каманда холдынгу зацвердзіць толькі 100 заявак.

Аляксандра Ганчарова, сакратар ЦК БРСМ: "Чалавек павінен быць ва ўзросце ад 18 да 31 года, прадстаўляць наша грамадскае аб'яднанне, павінен быць камунікабельным, актыўным, веданне беглае англійскай мовы, веданне другой мовы вітаецца, умець абыходзіцца з дзеткамі, таму што гэта дзіцячы конкурс".

Святлана Людчык, кандыдат у валанцёры на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018": "Мне падаецца, найважнейшае ў працы валанцёраў - гэта быць гатовым працаваць усюды. Гэта, у першую чаргу, зносіны, вопыт, новыя знаёмствы, універсітэты разам працуюць, людзі крыху старэйшыя, людзі крыху маладзейшыя".

Ілья Пукін, кандыдат у валанцёры на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018": "Гэта як мінімум цікава, усюды пабываць, усюды паездзіць, пагутарыць з замежнікамі, удзельнічаць у такіх мерапрыемствах".

Банк даных валанцёраў будзе цалкам сфарміраваны да 5 верасня. Каб трапіць у іх лік, неабходна запоўніць анкету на афіцыйным сайце БРСМ.