Баль праваслаўнай моладзі праходзіў у Мінску

26 января 2015

Сёмы раз таленавітыя людзі збіраюцца ў мармуровай зале Палаца дзяцей і моладзі і дэманструюць свае танцавальныя здольнасці. Вальс, контрданс і абавязкова паланэз – тры танцавальныя аддзяленні за вечар. А гэта амаль паўсотні харэаграфічных мініяцюр. У арыстакратычную атмасферу акунулася і Юлія Токар.

Паланэз - традыцыйна ўсе балі мінулых стагоддзяў адкрываліся менавіта ім. І сучаснае танцавальнае свята не стала выключэннем. Больш за тры сотні танцавальных пар сінхронна рухаюцца па правілах геаметрычных фігур. Але ж, акрамя вытрыманага музычнага такту - тры чвэрці, галоўнае – арыстакратычныя манеры і дрэс-код.

З першых акордаў мармуровая зала напаўняецца гукамі аркестра. Шыкоўныя дамы і кавалеры вальсуюць, самы элегантны танец.

Безумоўна, кароль усіх баляў – гэта вальс. І цікава, што на гэтым вечары ён танцуецца ў некалькіх варыянтах: вольны, фігурны і павольны. Каб без запінак выканаць танцавальныя па, рыхтаваліся загадзя.

Тэма сёмага праваслаўнага балю – сувязь часоў паміж эпохамі, танцамі і поглядамі.

Протаіерэй Іаан Задарожын, старшыня сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы: "Такія мерапрыемствы вельмі важныя для нашага маладога пакалення. Таму што праз іх мы імкнемся злучыць з тым пакаленнем бацькоў, прадзядоў, якія выхоўваліся на культуры, якая стварае чалавека.

Таму мы імкнемся прышчапіць маладому пакаленню тыя хрысціянскія каштоўнасці праз такія святы".

Між тым танцавальны форум – гэта не толькі месца для раскрыцця талентаў, але і пляцоўка для новых знаёмстваў. Юрый і Марына сябруюць больш за год. І сваімі цёплымі адносінамі абавязаныя менавіта праваслаўнаму балю. Хутчэй нават, рэпетыцыям.

Юрый Захарчанка і Марына Харлановіч, удзельнікі праваслаўнага балю:

"Гэта вялізная радасць сустрэчы на ўсіх рэпетыцыях, калі мы ляцім проста, адкладаем ўсе свае справы, клопаты, спяшаемся ўбачыць родныя твары. Пагутарыць. Сустрэцца, патанчыць з задавальненнем. Гэтыя знаёмствы, якія з'явіліся на балі, каб яны ніколі ўжо не страціліся. Таму што тут, пэўна, самыя выдатныя юнакі і дзяўчаты. Самыя выдатныя людзі".

Сёлетняе свята аб’яднала гасцей з Расіі, Украіны і далёкай Ганы.

У антрактах свае дзверы адчыніла пяць фотасалонаў. Дамы і джэнтльмены маглі захаваць сябе ў новым амплуа. А для самых маленькіх працаваў дзіцячы пакой.