Баку на скрутках бамбукавай паперы

25 апреля 2015

Выставачная прастора Нацыянальнай бібліятэкі прапануе вернісаж "Азербайджан вачамі беларускай мастачкі".

Славутасці ўсходняй краіны ацаніла Юлія Лосікава. Старажытнае кітайскае мастацтва маляваць тушшу мастачка Марына Эльяшэвіч пастаянна мадэрнізуе. На яе палотны трапляюць не толькі традыцыйныя для кітайскага жывапісу сюжэты. У яе творчасці існуюць такія кірункі, як архітэктура, прырода, людзі. Героі мяняюцца ў залежнасці ад тэмы экспазіцыі. Сучасныя вобразы перакладае на мову кітайскага жывапісу.

Яе інструменты - кітайскія пэндзлі, мінеральныя фарбы, туш і рысавая папера. Мастацтву далёкаўсходняга жывапісу Марына вучылася ў Пекіне ў кітайскіх майстроў. На выставе больш за 40 жывапісных работ. Некаторыя засталіся ў запасніку - не хапіла выставачнай прасторы.

Работа над гэтай экспазіцыяй заняла ў мастачкі паўгода. Нацюрморты, партрэты і краявіды напісаныя ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы го хуа. Сама ж мастачка ніколі не была ў Азербайджане.

У якасці культурнай шпаргалкі пасольства Азербайджана дало Марыне архіўныя матэрыялы: фатаграфіі, карціны, музыку і фільмы нацыянальных азербайджанскіх майстроў. Ёсць работа, на якую мастачку натхніла казка "Тысяча і адна ноч".

Марына Эльяшэвіч у тэхніцы кітайскага жывапісу працуе больш за 5 гадоў. Яе бамбукавыя палотны пакараюць не толькі новыя галерэйныя прасторы, многія работы пасля экспазіцый трапляюць у прыватныя калекцыі. Белтэлерадыёкампанія таксама неаднаразова экспанавала ўсходнюю акварэль мастачкі.