Аўдыторыя маладзечанскай "Батлейкі" павялічылася да некалькіх тысяч онлайн-глядачоў

15 апреля 2020
У Беларусі працягваюцца дні тэатральных анлайн-марафонаў. Установы культуры ставяць спектаклі ў пустых залах і трансліруюць іх у інтэрнет. Наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч пра пастаноўку без гледачоў  у тэатры лялек "Батлейка" ў Маладзечне.

Сёння ў маладзечанскай "Батлейцы" давалі "Доктара Айбаліта". Пачатак дзіцячага спектакля як заўсёды а 12 гадзіне. У новым анлайн-фармаце  аўдыторыя павялічылася са 160 (столькі ўмяшчае глядзельная зала)  да некалькіх тысяч.

Падарожжа ў Афрыку, поўнае выпрабаванняў: сутыкненне з піратамі, выратаванне хворых жывёл. У любімай казцы ўсё як звычайна. Толькі артыстам не зусім звыкла працаваць без гледачоў у зале, без імгненнай рэакцыі дзяцей, іх усмешак і апладысментаў. 

Тэатру "Батлейка" сёлета  30 гадоў. У аснове рэпертуару як дзіцячых, так і дарослых спектакляў  беларуская і замежная драматургія: класічная і сучасная, а таксама народныя беларускія казкі. Маладзечанская "Батлейка" прызёр і пераможца шматлікіх міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Заўтра ў прамым эфіры анлайн-трансляцыя музычнай казкі "Тыграня Петрык". Аднак спалучэнне "самы касавы спектакль"  тут недарэчна. Анлайн-спектаклі ідуць бясплатна.

Магчыма, такія словы, як "аншлаг", "апладысменты", "брава" і "біс" хутка стануць архаізмамі. З іншага боку, дзякуючы анлайн-тэатрам можна апынуцца ў самых знакамітых тэатральных залах свету: Гранд-апера, Ла Скала ці Ковент-Гардэн. Шкада толькі, што апынуцца ў святочнай тэатральнай атмасферы ў вячэрнім строі і адчуць тую самую магію мастацтва будзе немагчыма.