Адраджае гісторыю і ўвасабляе яе ў балетных па і Вялікі тэатр Беларусі. Артысты пачалі рэпетыцыі "Анастасіі" - спектакля пра адну з самых яркіх жанчын у гісторыі краіны - Анастасію Слуцкую. Менавіта яна пасля смерці мужа кіравала княствам і выратавала горад ад татараў. "Анастасія" стане трэцім балетам, заснаваным на рэальных падзеях, пасля спектакляў "Страсці" і "Вітаўт". Пра гістарычны праект - Алена Борматава.
Лёс жанчыны ў дзвюх дзеях. Акадэмічнае балетнае мастацтва звяртаецца да жыцця Анастасіі Слуцкай - дачкі мсціслаўскага князя, абаронцы Слуцкай зямлі і свайго народа. Нацыянальная гісторыя на стыку XV і XVI стагоддзяў. Музыка беларускага кампазітара Уладзіслава Кузняцова. Лібрэта Анатоля Дзялендзіка - аўтара сцэнарыя мастацкага фільма «Анастасія Слуцкая».
Балетная версія аб'яднала два аўтарскія сцэнарыі: да Анастасіі дадалі гісторыю князя Галіцына – чалавека, які дабіваўся рукі слуцкай княгіні пасля смерці яе мужа Сямёна. Складаны гістарычны матэрыял, бо вельмі мала дакументальных крыніц. Мастакі вывучалі безліч прафесійнай літаратуры і архіўных дакументаў, каб касцюмы адпавядалі эпосе. Ваенны час, калі часта латы надзявалі пад святочныя кунтушы.
Метал імітуюць штучнай скурай, яе надзімаюць і фарбуюць. Блок народных касцюмаў - з элементамі традыцыйнага беларускага ткацтва і арнаментаў. Сярэднявечнае адзенне для салістаў з эскізаў перанесена ў матэрыял.
У рэпертуарнай афішы «Анастасія» з'явіцца толькі ў новым сезоне. Пакуль – выключна закулісныя падзеі ў тэатральных майстэрнях і рэпетыцыйных класах, каб у кастрычніку гледачу прэзентаваць балетную версію гісторыі жыцця беларускай Жаны д'Арк.
Дэкарацыі і сцэнаграфія «Анастасіі» пакуль у маштабе адзін да дваццаці. Макет сцэны амаль стапрацэнтна адпавядае канструкцыям галоўных падмосткаў Вялікага. Відарысы лікаў з беларускіх цэркваў. Нават у сцэнаграфіі духоўнае пераплецена з ваенным. Пакуль ідуць папярэднія рэпетыцыі. Да масавых сцэн падыйдуць напрыканцы жніўня. Тады ж пачнецца работа і над новымі праектамі тэатра.
Новая версія «Дзікага палявання караля Стаха» паводле Караткевіча таксама папоўніць спіс нацыянальных спектакляў. Да двухсотгоддзя Манюшкі рыхтуюць оперу і балет яго аўтарства. Вечар аднаактовых спектакляў да юбілею кампазітара прэзентуюць у 2019.













