Артысты Беларускага дзяржаўнага цырка адкрываюць новы сезон

28 сентября 2017

Артысты Беларускага дзяржаўнага цырка адкрываюць новы сезон і дэманструюць адметную праграму. На арэну выйдуць прызёры Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва, які толькі завяршыўся ў Мінску. Гэта запрошаныя артысты з Паўночнай Карэі, Эфіопіі, Расіі, Украіны. У рэпертуары лепшыя нумары акрабатаў, дрэсіроўшчыкаў і жанглёраў. Новая праграма стартуе ў суботу. Генеральную рэпетыцыю сёння ўбачыла Юлія Токар.

«Зоркі запальваюць» - менавіта так называецца новае шоу Белдзяржцырка. На арэне – прызёры і лаўрэаты 1 Мінскага міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва. Генеральную рэпетыцыю першай убачыла наша здымачная група.

Адкрывае праграму паветраная гімнастка. Алена Паўлава больш за 10 гадоў прысвяціла цырку. Гэты нумар артыстка з Расіі паказвала на фестывалях у Італіі і Францыі.

Першы фестываль і адразу Гран-пры. Калектыў Белдзяржцырка адзначаны самай высокай узнагародай. Акрамя таго, у скарбонцы перамог – залатыя і сярэбраныя медалі.

Трукі акрабатаў з Украіны зачароўваюць. З вертыкальнай канструкцыі вышынёй 10 метраў яны спускаюцца на неверагоднай хуткасці і паспяваюць спыніцца літаральна за 10 сантыметраў ад арэны.

Прафесійны ўзровень артыстаў і тэхнічныя магчымасці беларускай арэны высока ацаніла міжнароднае журы. Не выключана, што і наступны міжнародны цыркавы форум зноў прыме Мінск.

На сцэне зноў артысты сусветнага ўзроўню. Гэта Паўночная Карэя, Афрыка, Эфіопія, Расія, Украіна. Сваімі захапляльнымі трукамі яны будуць здзіўляць беларускага гледача літаральна да зімы. Новая праграма стартуе ўжо ў гэтую суботу.