Артысты Беларускага дзяржаўнага цырка атрымалі залатую ўзнагароду на фестывалі "Залаты каштан"

7 июня 2019

Артысты Беларускага дзяржаўнага цырка  атрымалі  залатую ўзнагароду  на Кіеўскім міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва  "Залаты каштан". Анастасія Дончанка і Анастасія Пуцята  з нумарам "Паветраныя гімнасткі на трапецыі"  пакарылі знакамітае журы, кіраўнікоў міжнародных цыркавых  фестываляў  і калектываў. Пад купалам арэны  прадстаўніцы Беларусі  выканалі  складаную і вельмі  відовішчную  праграму. Наталля Кузьміцкая таксама ўбачыла нумар.

Чарговую ўзнагароду ў скарбонку нацыянальнага цыркавога мастацтва дадалі паветраныя гімнасткі. Дзве Анастасіі. Знаёмыя яшчэ з цыркавой школы, дзяўчаты паспелі папрацаваць у розных жанрах. Апошнім часам аб’ядналіся ў тандэм, які адкрыў для іх новыя творчыя вышыні. 

Нумароў з трапецыяй існуе шмат. Перад творчай групай, якую ўзначаліла галоўны рэжысёр цырка Ала Нікалаева-Аліева, стаяла задача не проста зрабіць шоу на вышыні, але і стварыць міні-гісторыю, зразумелую і дзецям, і дарослым. Літаральна за некалькі месяцаў гімнасткі вывучылі вельмі складаную праграму, з якой у выніку і адправіліся на маладзёжны фестываль цыркавога мастацтва ў Кіеў. 

Майстэрства артыстаў ацэньвалі прафесіяналы, кіраўнікі вядучых цыркавых шоу і фестываляў з США, Італіі, Іспаніі, Венгрыі. Кожны элемент павінен быць бездакорным. Аднак вынік залежаў не толькі ад выключнай зладжанасці рухаў. Аляксандра Бурака на сцэне не бачна, але менавіта ён  той чалавек, які адказвае за тэхнічную фабулу нумара.

Грацыёзны палёт пластычных і вытанчаных гімнастак уражвае, асабліва калі ведаеш, што ўсе акрабатычныя нумары выконваюцца без страхоўкі. Але непаўторная атмасфера цырка і захапленне ў вачах гледачоў, прызнаюцца абедзве, гэта той шлях, які яны абралі аднойчы і на ўсё жыццё.