Арт-галерэя "Мастак і горад" адкрываецца на плошчы Якуба Коласа

17 мая 2018

Пачынаем прамую трансляцыю з сэрца Мінска, дзе ў гэтыя хвіліны на плошчы Якуба Коласа адкрываецца арт-галерэя "Мастак і горад". Экспазіцыя карцін у open-air фармаце стартуе сёмы раз. Там працуе і наша здымачная група. На прамую сувязь са студыяй выходзіць Вольга Мядзведзь

Адну з самых прывабных выставачных прастор заняў беларускі Сальвадор Далі Георгій Скрыпнічэнка - першаадкрывальнік сюррэалізму ў Беларусі. Пазнаёміцца з яго творчасцю зможа кожны, уваход на выставу вольны. Напрыклад, летась праект "Мастак і горад" убачылі больш за 2 мільёны гледачоў.

Менавіта гэтая выстава ўнікальная ў сваім родзе. Бо палотны, прапанаваныя тут, упершыню аб'яднаны з розных збораў у агульную экспазіцыю. Георгій Скрыпнічэнка пайшоў з жыцця ў 2015, аднак яшчэ ў гады творчасці яго работы раскуплялі і фонды нашых нацыянальных музеяў, і прыватныя калекцыянеры не толькі з Беларусі. Усяго ў open-air экспазіцыі - больш за 30 палотнаў ад аўтапартрэтаў да краявідаў і міфалагічных сюжэтаў.

Экспазіцыя "Мастак і горад" дае магчымасць дакранацца да твораў мастацтва. Безумоўна, тут выстаўлены копіі. Але перш чым прадэманстраваць іх публіцы, усе работы праверылі на максімальнае супадзенне па колеры з арыгіналамі. Таксама палотны перанесены на спецыяльны матэрыял. Гэты пластык здольны абараніць карціны ад любых умоў надвор’я і вандалізму. Дарэчы, у гэтым плане праект яшчэ і адукацыйны. Як распавялі арганізатары, з кожным годам пашкоджаных чалавекам карцін усё менш.

Побач з Коласам і героямі яго твораў палотны Георгія Скрыпнічэнкі будуць на працягу 5 месяцаў. І ўпершыню open-air выстава паедзе са сталіцы. Працягваць 7 сезон будзе Віцебск, туды карціны адправяцца ў канцы верасня. Дарэчы, менавіта з палотнаў выхадца Віцебшчыны Марка Шагала стартаваў у 2012 праект "Мастак і горад".