Арнольд Памазан адзначае юбілей

14 июня 2014

Сёння свой юбілей адзначае народны артыст Беларусі Арнольд Памазан. Яму 75. З іх амаль 50 гадоў ён служыць на сцэне Купалаўскага тэатра. Яго тыпаж адзін з самых пазнавальных і запатрабаваных. Арнольд Кандратавіч сыграў каля ста роляў у тэатры і кіно. З юбілеем народнага артыста Беларусі павіншаваў Прэзідэнт краіны.


З легендарным купалаўцам сустрэлася Наталля Бардзілоўская. На свой юбілей Арнольд Кандратавіч Памазан ніякіх урачыстасцяў не плануе. Галоўным жа падарункам, які атрымаў артыст, лічыць ролю ў сёлетняй прэм'еры - спектаклі Пан Тадэвуш. Зрэшты, пастаноўка паводле класікі Адама Міцкевіча днямі едзе ў Парыж, а з ёю і Памазан!


У новым спектаклі ў яго маленькая роля, але ў сваім творчым паўстагоддзі Памазан зусім не кароль эпізоду. Ён акцёр галоўнай ролі.


Аднолькава пераканаўчы і ў камедыі, і ў драме, і ў тэатры, і ў кіно. Сотня персанажаў на падмостках і амаль паўсотні экранных вобразаў.


Але для калег і прыхільнікаў ён быў і застаецца самым франтаватым панам Быкоўскім. Настройвацца на вобраз ганарлівага шляхціца Арнольду Кандратавічу ніколі не прыходзілася - ляпіў з сябе. У юнацтве ж, якое правёў у Львове, разам з сябрам Багданам Ступкам насіў кокі, штаны-дудачкі і быў заўзятым стылягам. Самы стыльны Быкоўскі Купалаўскага - Памазан тры дзесяцігоддзі выконваў ролю. І для сваёй партнёркі - той, ад 70-х гадоў Паўлінкі - здолеў стаць не адмоўным, а любімым персанажам.


Але Памазана - народнага артыста Беларусі - магло б і не быць. Ураджэнец Камсамольска-на-Амуры, ён вывучыўся на памочніка машыніста і адпрацаваў паравознікам, перш чым здзейсніць мару пра мастацтва. Лёсам - і асабістым і творчым - для будучага купалаўца стаў Мінск і паўстагоддзя ў трупе галоўнага тэатра краіны. Сёння Арнольд Памазан задзейнічаны ў шасці рэпертуарных спектаклях.