"Старонкі гісторыі Вілейскага краю". Археалагічная выстава адкрылася ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Яна заснавана на даследаваннях графа Тышкевіча і складаецца з чатырох раздзелаў. У кожным - прадметы побыту нашых продкаў. Падчас экскурсіі да некаторых экспанатаў можна нават дакрануцца, безумоўна, выконваючы пэўныя правілы. Юлія Токар адправілася ў экспедыцыю па вілейскіх берагах.
Гартаць археалагічныя старонкі пачынаем з плошчы Свабоды. А менавіта - Краязнаўчага музея. І невыпадкова на ўваходзе бачым якар. Нельга забываць, што рака Вілія заўсёды была судаходнай. Па ёй хадзілі баржы з зернем - гэта адлюстравана і на гербе горада. А таксама рака заўсёды вабіла даследчыкаў. У тым ліку і графа Канстанціна Тышкевіча, які ў свой час арганізаваў экспедыцыю па вывучэнні Віліі і яе берагоў.
Крэмневыя нажы, жаночыя і нават мужчынскія каменныя ўпрыгажэнні, зуб дзікага каня - па рэчах мінулага можна прасачыць, чым карысталіся нашы продкі, пачынаючы з каменнага стагоддзя і да ранняга сярэднявечча. Усе артэфакты знойдзены на тэрыторыі Вілейскага раёна. Наведвальнікі музея могуць у літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі ў імправізаванай шурфе.
З пэндзлікамі ў руках адкрыцці робяць і мясцовыя школьніцы. Знаходзяць каменную сякеру і кавалак керамікі 18 стагоддзя. Археалогія настолькі захапляе юных даследчыкаў, што не абмяжоўваюцца экспазіцыяй з чатырох раздзелаў. Маршрут трымаюць на бераг Віліі.
Надзея Аўдзей, дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея: "Само назва - рака Вілія. Вілія віляе. Яна менавіта так усё бліжэй і бліжэй падыходзіць да горада. І вось старая пройма ракі, менавіта так, дзе яна першапачаткова знаходзілася, зараз ярка выяўлена і ўяўляе гістарызм гэтага месца".
Вілейская зямля багатая на гістарычныя звесткі. На тэрыторыі раёна больш за тры сотні помнікаў архітэктуры і геалогіі. І кожны аб'ект - дадатковая старонка летапісу беларусаў.
Для юных даследчыкаў Вілейскі краязнаўчы музей падчас канікул арганізоўвае археалагічныя лагеры. На гэта лета маршрут экспедыцый таксама прадумалі.
Археалагічная выстава адкрылася ў Вілейскім краязнаўчым музеі
2 июня 2020













