Ансамбль "Нясвіжскія лыжкары" стаў лаўрэатам за ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва

9 января 2019

Лаўрэатам за ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва стаў народны інструментальны ансамбль "Нясвіжскія лыжкары". Удзельнікі калектыву - выхаванцы каледжа Якуба Коласа - ужо 13 гадоў адраджаюць народныя традыцыі і ствараюць унікальныя музычныя творы.

На рэпетыцыі пабывала Наталля Кузьміцкая. Пра тое, што лыжкай можна не толькі есці, гэтыя юнакі ведаюць не па чутках. Для іх сталовы прыбор - найперш музычны інструмент, на якім удала можна "выстукваць" розную музыку. Драўляная прылада прыстасоўваецца пад любую мелодыю і гучанне.

Дзмітрый Дранчук у "Нясвісскіх лыжкарах" - усяго паўгода. Але разам з больш вопытнымі ўдзельнікамі калектыву ўжо лёгка выконвае складаныя і па музычнай афарбоўцы, і па фізічнай нагрузцы нумары.
Нягледзячы на назву, яны віртуозна граюць не толькі на драўляных лыжках, але музычных і не зусім інструментах.
Разнастайная інструментальная палітра, цікавыя вобразы, якія прымяраюць музыкі, яркая сцэнаграфія робяць кожнае выступленне калектыву непаўторным. А яшчэ настрой, з якім кожны раз выходзяць на сцэну лыжкары.

Такім імпэтам і прагай да самабытнай музыкі натхняе сваіх выхаванцаў нязменны кіраўнік, заснавальнік ансамбля "Нясвіжскія лыжкары" Уладзімір Сухавей. 13 гадоў таму педагог каледжа імя Якуба Коласа стварыў калектыў, які паступова стаў не толькі брэндам навучальнай установы, горада, а і ўвогуле - краіны.

Зараз, жартуе, майстэрству вучняў можа смела пазайздросціць і сам настаўнік. І з кожным нумарам прафесійны ўзровень артыстаў расце. А разам з ім і адказнае стаўленне да свайго рамяства, як да культурнага здабытку краіны.