Ганна Донец ужо 10 гадоў стварае жывыя статуі ў аўтарскай манеры

29 февраля 2020
Яе мадэлі пакараюць еўрапейскія пляцоўкі і ўдзельнічаюць у тэлевізійных праектах. Ганна Донец ужо 10 гадоў стварае жывыя статуі ў аўтарскай манеры. На адзін вобраз часам патрабуюцца тры месяцы карпатлівай працы. І фінальны штрых - макіяж. Ужо ёсць касцюмы Серафіма, Капялюшніка, Каламбіяны і вікінгаў. 

Адзін з іх прымераць на сабе вырашыла і наш карэспандэнт Ганна Кавалёва. Ганна Донец паказвае сваіх любімцаў. Гэтыя касцюмы яна стварыла сама. У камплекце са спецыфічным мэйкапам яны ператвараюць акцёра ў жывую бронзавую статую. Спачатку - распрацоўка эскіза, затым пошук неабходнай тканіны. Часам, каб стварыць той ці іншы вобраз, прыходзіцца ўнікаць у гісторыю і выходзіць за рамкі класічнага мастацтва.

Ганна вырасла ў сям’і творчых людзей. Таму мастацкія здольнасці ў яе праявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку была саломка, батык, роспіс па дрэве і фарфор. З узростам жанчына пачала працаваць дызайнерам і мастаком-афарміцелем. Так паступова прыйшла і да мастацтва жывой скульптуры. Для стварэння вобразу спатрэбяцца спонжы, фарбы i прыкладна адна гадзiна часу. Зараз праверым, цi рэальна любога чалавека ператварыць у жывую статую.

Дарэчы, працаваць над грымам трэба вельмі якасна. Адкрытыя ўчасткі цела не павінны застацца светлымі. У адрозненне ад мяне, Віталь - у ролі жывой статуі ўжо 4 гады. На гэты раз прымерыў вобраз Капялюшніка. Прызнаецца, што самае цікавае - гэта працаваць на ажыўленых вуліцах горада.

За 12 гадоў Ганна стварыла каля 25  касцюмаў. Першы нарадзіўся ў 2008-м. Гэта быў вобраз Серафіма з біблейскіх сюжэтаў. Затым з'явіўся касцюм мастака. Удзельнічаць у фестывалях гэтыя вобразы працягваюць і зараз. Увогуле, у партфоліа Ганны - дзясяткі міжнародных форумаў у Расіі, Украіне, Бельгіі, Кітаі, Польшчы і ў іншых краінах. Яе жывыя статуі таксама - нязменныя ўдзельнікі "Славянскага базару". Аднойчы яны сталі героямі тэлепраекта "Вялікая розніца". І ўсюды яе працам даюць самую высокую ацэнку. Ганна прызнаецца, сакрэт поспеху ў тым, што да падрыхтоўкі касцюма яна падыходзіць, як да стварэння твора мастацтва. Нядаўна Ганна атрымала запрашэнне ў Нідэрланды, дзе ў хуткім часе прадставіць Беларусь на сусветным чэмпіянаце жывых статуй.