Андрэй Лапцёнак расказаў, якую праграму да спартыўнага форуму рыхтуе Белдзяржфілармонія

6 Чэрвеня 2019

Спецыяльную праграму да II Еўрапейскіх гульняў рыхтуе Белдзяржфілармонія. Урачыстую цырымонію адкрыцця ўпрыгожаць самыя вядомыя філарманічныя калектывы. Акрамя таго, удзельнікам Гульняў і гасцям сталіцы прапануюць серыю музычных сустрэч і культурных мерапрыемстваў.

Падрабязнасцямі  з намі падзеліцца намеснік генеральнага дырэктара Белдзяржфілармоніі  Андрэй Лапцёнак.

Андрэй Лапцёнак, намеснік гендырэктара Белдзяржфілармоніі: "Еўрапейскія гульні - гэта не толькі спартыўнае мерапрыемства, але гэта таксама для нас вялікая магчымасць паказаць сябе з усіх бакоў. Паказаць сваю культуру, сваю творчасць, свае дасягненні. Таму мы таксама бяром удзел у гэтым грандыёзным мерапрыемстве і пастараемся пакінуць у гасцей сталіцы і нашай канцэртнай залы самыя лепшыя ўражанні аб тым, чым мы ганарымся".

 - Падрыхтоўка ідзе ў рэжыме строгай сакрэтнасці. Для гледачоў і ўдзельнікаў рыхтуецца сюрпрыз. Каго будзеце задзейнічаць?

Андрэй Лапцёнак, намеснік гендырэктара Белдзяржфілармоніі: "У цырымоніі адкрыцця будуць удзельнічаць філарманічныя калектывы - такія, як ансамбль народнай музыкі "Свята", ансамбль "Камерата", Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў імя Жыновіча, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь".

-  Акрамя цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў  якія яшчэ музычныя праекты рыхтуеце? 

Андрэй Лапцёнак, намеснік гендырэктара Белдзяржфілармоніі: "Для гасцей і ўдзельнікаў спартыўнага форуму філармонія спецыяльна падрыхтавала шэраг цікавых праграм. 22 чэрвеня ў нас пройдзе марафон фартэпіяннага мастацтва. На працягу дванаццаці гадзін у зале выступяць і мэтры, і наша творчая моладзь з канцэртнай праграмай. А 23 чэрвеня ў нашай канцэртнай зале адбудзецца цікавая праграма "Месяцавае святло". Гэта своеасаблівы сінтэз музыкі, паэзіі і жывапісу. У  гледачоў, я ўпэўнены, застануцца вельмі цікавыя незабыўныя ўражанні".