ALEKSEEV у Іспаніі. Сустрэча з бацькамі і прэ-паці ў Мадрыдзе

25 апреля 2018

Сёння стала вядома, што беларуская дэлегацыя адправіцца на "Еўрабачанне" ўжо ў канцы тыдня. Графік ALEKSEEV распісаны па хвілінах - прымеркі, рэпетыцыі, урокі англійскай і заняткі па вакале. Напярэдадні спявак вярнуўся з Мадрыда, дзе прыняў удзел у прэ-паці "Еўрабачання". А яшчэ ў Іспаніі адбылася доўгачаканая сустрэча. Каго так моцна хацеў убачыць ALEKSEEV? Аб усім распавядзе Вікторыя Касянюк.

ALEKSEEV называе Іспанію сваёй другой радзімай. Калісьці ў дзяцінстве Мікіта праводзіў кожнае лета ў горадзе Мула.

ALEKSEEV, прадстаўнік Беларусі на конкурсе песні "Еўрабачанне-2018": "Мула - гэта маленькі гарадок, дзе я жыў з сям'ёй Фернанда і Пепа. Я ездзіў туды для таго, каб вучыць мову".

Сваіх іспанскіх бацькоў ALEKSEEV не бачыў ужо 16 гадоў. Родная мама Мікіты забараніла сыну ездзіць у Іспанію, пасля таго як Пепа і Фернанда загаварылі пра ўсынаўленне. Пасля гэтага зносіны спыніліся, пакуль іспанскія тата і мама самі не знайшлі Мікіту ў сацыяльных сетках.

ALEKSEEV, прадстаўнік Беларусі на конкурсе песні "Еўрабачанне-2018": "Яны сказалі, што заўсёды чакаюць мяне, што заўсёды помнілі мяне, што ніколі не забывалі. І я паабяцаў ім, што прылячу да іх зусім хутка".

Пасля сустрэчы з іспанскімі бацькамі ALEKSEEV адправіўся на прэ-паці ў Мадрыд. Спецыяльна да іспанскага проматура дызайнеры артыста падрыхтавалі некалькі ўбораў.

Па вуліцах Мадрыда Мікіта гуляў у вобразе тарэадора, а на чырвоную дарожку выйшаў у стылі Джэймса Бонда.

Замежны проматур ALEKSEEV завершыць у Малдове. Адразу пасля выступлення ў Кішынёве артыст паляціць у Лісабон. Першая яго рэпетыцыя на сцэне "Еўрабачання" пройдзе ў найбліжэйшую нядзелю.