Аляксандра Мінёнка падтрымлівала ўся краіна

21 ноября 2016

Прамую трансляцыю дзіцячага "Еўрабачання" вялі тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Нашага ўдзельніка падтрымлівала ўся краіна. Фанаты конкурсу арганізавалі некалькі вечарынак з сумесным праглядам шоу.

Расказвае Іна Пілевіч.

На цэлы вечар гэты клуб закрыты на спецабслугоўванне. Тут праходзіць дзіцячая вечарынка. Юныя фанаты “Еўрабачання” сабраліся, каб падтрымаць нашага дэлегата на міжнародным конкурсе - Аляксандра Мінёнка. За трансляцыяй шоу сочаць аднакласнікі, сябры і тата маладога артыста. Два гады таму сям'я Мінёнак пераехала з Віцебска ў Мінск дзеля кар'еры хлопчыка.

У той жа час не менш горача за Сашу перажываюць на другім канцы сталіцы.

У гэтым цэнтры мастацтва малады артыст браў урокі харэаграфіі. У момант аб'явы дзявятага нумара многія не могуць стрымаць эмоцый.

На мальтыйскай сцэне беларус з кампазіцыяй «Музыка маіх перамог». Аляксандр Мінёнак запальвае публіку нават праз экран. Не проста спявае ўжывую, але пры гэтым танцуе і катаецца на гіраскутары.

Упершыню ў гісторыі дзіцячага конкурсу пераможцу шоу вызначаюць тры склады журы: нацыянальныя дзіцячае і дарослае, а таксама прафесійнае. Змены правіл толькі падагравалі хваляванне. Дзве з паловай гадзіны музычнай інтрыгі. Па выніках галасавання беларус на 7-й пазіцыі. Трыумфатарам дзіцячага “Еўрабачання-2016” стала Марыям Мамадашвілі з Грузіі.

Заўтра фанаты збіраюцца сустракаць свайго куміра з Мальты. Аляксандр Мінёнак разам з камандай прыляціць у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 21:15.