Аляксандр Саладуха і тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтавалі святочны канцэрт "Гэта шчасце"

8 марта 2016

Прыгожую палову чалавецтва сёння павіншуюць не толькі кветкамі, але і музычным сюрпрызам, а калі і спяваць каму пра каханне, дык таму, чыя "Чужая мілая" заваявала мільёны жаночых сэрцаў. Аляксандр Саладуха і тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтавалі сумесны падарунак да Міжнароднага жаночага дня. І гэта не проста звычайнае выступленне папулярнага беларускага выканаўца. Гэта эфір канцэрта, які можна будзе ўбачыць на тэлеканале "Беларусь 3". Пра святочны эфір галоўнага медыяхолдынга краіны і пра тое, што засталося за кадрам, - рэпартаж Дар'і Тарасавай.

У студыі "600 метраў", дзе штодня здымаюцца такія топавыя беларускія перадачы, як "Клуб рэдактараў", "Форум", "Времечко" і "Добрай раніцы, Беларусь!", сёння як ніколі шматлюдна. Тут аператары, сцэнарысты, рэжысёры, мастакі па святле і грымёры. У гэты святочны дзень у студыю прыйшло шмат і гледачоў. Прычына простая: зараз у ёй здымаецца тэлевізійная версія святочнага канцэрта караля беларускай сцэны Аляксандра Саладухі. Усе ўдзельнікі рыхтуюцца да тракта. Гэта значыць праганяюць канцэрт паводле сцэнарыя, бо здымка павінна прайсці бездакорна.

Гэта першы сольны канцэрт у мадэрнізаванай студыі галоўнага медыяхолдынга краіны. А наперадзе студыю "600 метраў" чакае цэлая серыя перформансаў. Артыстам сапраўды ёсць дзе разгарнуцца. Плошча экранаў высокай выразнасці - 200 квадратных метраў.

Сённяшнім канцэртам Белтэлерадыёкампанія, можна сказаць, распачынае новую эру ў працы Беларускага тэлебачання. Сучасная студыя, ці не самы вялікі экран ва Усходняй Еўропе і, вядома, на постсавецкай прасторы, самыя сучасныя ПТС фармату HD. Гэтае тэхнічнае абсталяванне пакажа амаль усё, на што здольнае сёння Беларускае тэлебачанне.

У канцэрце "Гэта шчасце" заяўлена 17 ужо ўпадабаных кампазіцый і нават дзве прэм'еры: "Чорныя крумкачы" і "Мы будзем разам". Яны ўвойдуць у пласцінку 2017 года. А вось графічнае афармленне рыхтавалася пад кожную кампазіцыю выканаўца. Дарэчы, два гады таму спявак ужо сабраў "Мінск-Арэну", сёння выступаюць тым жа складам.

У наступным годзе артыст адзначае творчы юбілей - 30 гадоў на сцэне. Тэлевізійную версію святочнага канцэрта гледачы змогуць ацаніць ужо сёння ўвечар на тэлеканале "Беларусь 3."