Акцёр тэатра і кіно Віктар Васільеў святкуе юбілей

23 июня 2018

Беларускаму майстру сцэны, кінарэкардсмену па колькасці роляў і старшыні Саюза кінематаграфістаў нашай краіны - 60! Шматлікія гледачы ведаюць яго як палкоўніка Дуброўскага з тэленавелы "Мухтар", знаёмыя і яго працы ў стужках "Мужчыны не плачуць", "Чалавек вайны", "На безыменнай вышыні". Пра чалавека, які нарадзіўся ў Расіі, але здолеў стаць ключавой фігурай беларускага кіно, матэрыял Дар'і Тарасавай.

Ён - палкоўнік Дуброўскі, Васюцін з "Ударнай хвалі" і філасофскі Іван Карамазаў, хоць марыў пра караля Ліра. Віктар Васільеў увасобіў на кінаэкране 115 роляў.

У індустрыі ўладальнік ордэна Францыска Скарыны больш як 40 гадоў. За гэты час спасціг усе прамудрасці кінематографа. Яшчэ ў юнацтве пачынаў са Свярдлоўскай студыі тэлебачання - працаваў кабельшчыкам, выстаўляў святло на пляцоўцы, пасля стаў асістэнтам рэжысёра.

Прабегчыся вачамі па сцэнарыі і сыгрць з першага дубля. На роднай кінастудыі "Беларусьфільм" Віктара Васільева ведае кожны. Ён сыграў культавага Дуброўскага, начальніка аддзела МУС. Віктар Васільеў вось ужо некалькі кінасезонаў працуе на здымачнай пляцоўцы серыяла "Мухтар". Рэйтынгавы праект - уладальнік прэстыжнай тэлевізійнай прэміі "ТЭФІ" як "Тэленавела". Тут ён не толькі галоўны акцёр, але і, скажам, кастынг-дырэктар. Магчымасць папрацаваць у кадры папулярнага прыгодніцкага дэтэктыва беларускія калегі па цэху атрымалі дзякуючы Васільеву.

Увасабляе ролі не толькі на экране, але і, гаворачы на мове акцёраў, працуе "на апошні рад". Персанажаў Васільева можна ўбачыць і на тэатральных падмостках. Майстар сцэны служыць Беларускаму моладзеваму тэатру.

Адразу дзве юбілейныя даты. Вось ужо 10 гадоў Віктар Васільеў узначальвае Беларускі саюз кінематаграфістаў. Гэта ён, стаўшы старшынёй, вярнуў дух аб'яднанню падчас так званага кінапрастою.

У перапынку паміж здымкамі ён выхоўвае будучыню айчыннага кіно. У Беларускай акадэміі мастацтваў акцёр дзеліцца майстэрствам з маладымі экраннікамі. Віктар Васільеў чытае аўтарскі курс лекцый "Праца рэжысёра з акцёрам".

Запатрабаваны не толькі на беларускім экране. Акцёр вярнуўся з маскоўскіх здымак поўнага метра. Новая стужка - гэта першая сумесная праца акцёра з расійскім рэжысёрам Аляксеем Мурадавым. У біяграфічным нарысе Васільеву трэба было пераўвасобіцца ў характэрнага персанажа, культавую фігуру СССР - Міхаіла Гарбачова. У шырокі пракат фільм выйдзе на працягу 6 месяцаў.