Акадэмія музыкі абнавіла інструментальны парк

17 октября 2019
У новым навучальным годзе прафесійныя піяністы будуць займацца на новых раялях і фартэпіяна. Забяспечыць навучальны працэс інструментамі  належнага ўзроўню - ініцыятыва і даручэнне Кіраўніка дзяржавы. Бо творчая ВНУ, па сутнасці, аб'ект стратэгічны - тут чаканяць  лейтматыў беларускага іміджу, у тым ліку, і за мяжой. Студэнты штогод бяруць прэстыжныя ўзнагароды на міжнародных конкурсах. Акадэмія трымае высокі рэйтынг па экспарце адукацыйных паслуг. З новымі магчымасцямі і паказчыкі павінны ісці толькі ўверх. Шэсць  новых раяляў ужо ўсталяваныя ў навучальных класах, яшчэ 4 прыбудуць у наступным годзе. Акрамя таго, навучальны эфект узмоцняць фартэпіяна "Беларусь", вытворчасць якіх адрадзілі ў нашай краіне. 80 адзінак ужо размеркавалі ў інтэрнат і навучальныя карпусы. З нюансамі новай акустыкі азнаёмілася Ніна Мажэйка.

Інтэрмецца ля мажор Брамса з гэтага часу выконваюць на раялі годным караля эпохі рамантызму. Інструменты  толькі-толькі з упакоўкі. Прыехалі ўжо настроенымі. Зараз у новых пастаяльцаў сезон "абкаткі" - раялі вядомага брэнда неабходна разыграць. 

 Раяльны парк акадэміі налічвае 88 адзінак. Лічба  не салідная,  калі ўлічыць, што большасць інструментаў  набываліся ў 70-80-х. 

Няпростую тэму "інструментальнага голаду" агучылі самі студэнты ў "свабодны мікрафон". Той выпадак, калі правільнае пытанне - камертон аператыўнага рашэння рэальных задач. Абнавіць і ўкамплектаваць адну з вядучых прафесійных музычных ВНУ  краіны -  прамое даручэнне Кіраўніка дзяржавы. 

З Японіі ў Маскву і з Масквы ў Мінск. Менавіта па такім маршруце даставілі інструменты. Тэрмін службы гэтага раяля высокага класа, як мінімум, 10 гадоў,  і гэта пры павышаных нагрузках. Інструмент  патрабуе беражлівага стаўлення. Але ніякія фортэ і фартысіма яму не страшныя. Бо за кожным з іх прымацаваны наладчык. 

З гэтай нагоды  нават пашырылі штат вузкіх спецыялістаў. Яны ж абслугоўваюць яшчэ тры  будынкі акадэміі: інтэрнат і два навучальныя корпусы. Тут на траіх усталявалі 80 фартэпіяна "Беларусь". 

Музычную  цёзку краіны вырабляюць у Мінску. Дэка з рэзанавальнай елкі. Больш камфортная канструкцыя клавіш. Зараз музыкантам зручней за інструментам. Апроч выгады тэхнічнай, яшчэ і бытавая - пытанне чэрг да фартэпіяна ўжо не актуальна.