Акадэмічнаму ансамблю песні і танца Узброеных Сіл Беларусі - 80 гадоў

10 января 2019

Гэтыя беларусы служаць сваёй краіне і народу праз сваю творчасць і талент. Спецпрэмія Прэзідэнта стала падарункам да юбілею аднаго з самых запатрабаваных беларускіх калектываў. Акадэмічнаму ансамблю песні і танца Узброеных Сіл Беларусі - 80 гадоў. У гады вайны - сотні канцэртаў у тыле і на перадавой. Сваёй музыкай і жыццесцвярджальнымі тэкстамі яны ўсялялі веру і надзею ў перамогу. Сёння калектыў любяць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Свой юбілей ансамбль адсвяткуе заўтра на сцэне Дома афіцэраў. Тэлеверсію святочнага канцэрта пакажа тэлеканал "Беларусь 3". Як жыве сёння творчае звяно Узброеных Сіл, даведалася Лідзія Заблоцкая.

Служылі Айчыне песнямі і танцамі яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай. Першае выступленне ансамбля Чырвонаармейскай песні прайшло ў 1938 пад Смаленскам, за год да загада народнага камісара абароны СССР Варашылава стварыць творчыя калектывы па ваенных акругах. Па тыпе ўжо вядомай Аляксандраўскай.

У ансамбль траплялі не проста самародкі, якія праходзілі службу. Як і сёння, сур'ёзныя адборы і абавязковая музычная адукацыя. Ансамбль, як пачатак творчай кар'еры - у пясняра Мулявіна, зоркі маскоўскай аперэты Ведзянеева, народных артыстаў Вуячыча і Варвулёва.

Леанід Некрашэвіч, заслужаны артыст Беларусі: "Гэта была Беларуская ваенная акруга. І набіралі з усяго Савецкага Саюза артыстаў. Прыходзілі хлопцы з Ленінграда, з Масквы, з Маскоўскай кансерваторыі, з Ленінградскай кансерваторыі. Таму склад быў вельмі моцны".

Складам у тры сотні артыстаў - у гарнізоны ад Калінінграда да Уладзівастока. У 80-х узнімалі баявы дух тых, хто служыў у Афгане. Аднымі з першых выехалі ў Чарнобыль. Крыху пазней больш за дзве тысячы аншлагаў не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Францыі, Польшчы і Расіі.

Сёння Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі - гэта больш за 80 адораных салдат. Многія з іх прафесіяналы, з музычнай адукацыяй. Акрамя хору, аркестра і балета ёсць і дзіцячая вакальная студыя "Зорачка". Тут хлопцаў праз песні вучаць любіць сваю радзіму.

Калектыў літаральна разбівае стэрэатыпы. І калі аснова рэпертуара - гэта маршавыя рытмы і ваенная класіка, то штораз і мужчынскі хор, і балет імкнуцца здзівіць публіку харэаграфічнымі трукамі і нават духоўнай музыкай.

Уладзімір Варапаеў, мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Беларусі: "Мала яшчэ быць добрым выканаўцам. Трэба мець добрае, моцнае здароўе. Яны праходзяць адбор. І як толькі яны яго праходзяць, дзе медыцынская камісія паставіла сваю пячатку, што здаровы, адразу мы пачынаем непасрэдна яшчэ мацней з імі працаваць".

Тут не проста праходзяць тэрміновую службу. Застаюцца працаваць па кантракце. Ансамбль - якасная творчая ўзлётная паласа. Для яго пісаў свае першыя хіты Ігар Лучанок, а Іосіф Кабзон быў блізкім сябрам і не раз выступаў у дуэце. Тут выгадавалі і некаторых зорак беларускай эстрады.

Сёння калектыў адзін з самых запатрабаваных і любімых у краіне. Праект "Айчыне служым" ахапіў 12 гарадоў рэспублікі і больш за 7000 гледачоў. У свае 80 ансамбль становіцца толькі маладзейшым.