Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі адзначыў 85-годдзе сольным канцэртам

10 ноября 2016

Учора ўвечар Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі адзначыў 85-годдзе ў Белдзяржфілармоніі. Артысты выканалі класічныя харавыя партытуры, песні на вершы рускіх і беларускіх пісьменнікаў, а таксама народныя творы. Канцэрт стаў вечарам памяці народнага артыста СССР прафесара Віктара Роўды. Сёлета маэстра споўнілася б 95, 42 гады ён кіраваў хорам галоўнага медыяхолдынга краіны. Падвойны юбілей зала сустрэла аншлагам. Дарэчы, менавіта заслужанаму калектыву належыць эталоннае выкананне Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Андрэй Саўрыцкі, мастацкі кіраўнік і дырыжор Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі: "Будзе праект сумесна з аркестрам Белтэлерадыёкампаніі і будзе некалькі кітайскіх салістаў. Мы будзем песні спяваць такога народнага зместу ўкраінскія, беларускія і рускія. Кожны дзень прыносяць кампазітары свае творы. У нас і ў мяне ў прыватнасці на стале вялізны стос ужо назапасіўся. Таму мы будзем паволі запісваць новыя творы беларускіх сучасных кампазітараў. Вось гэта найбліжэйшыя нашы планы".

За дзесяцігоддзі працы ля студыйнага мікрафона хор стварыў багаты фонд рэдкіх музычных твораў. У яго рэпертуары - кампазіцыі розных стыляў, эпох і жанраў: ад апрацовак народных песень да твораў буйной формы.