Аграгарадок Ляскавічы прымае чацвёрты міжнародны этнафестываль "Кліч Палесся"

24 сентября 2016

Сюды прыехалі творчыя калектывы, рамеснікі з блізкага і далёкага замежжа і з усіх рэгіёнаў беларускага Палесся. Найлепшыя прадстаўнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі і культуры ўдастоеныя звання "Ганаровы паляшук", а вучні і настаўнікі школ рэгіёна на ўласным прыкладзе паказваюць, як беражліва тут захоўваюць свае традыцыі. З адкрыццём форуму арганізатараў, удзельнікаў і яго гасцей павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аб самых яркіх момантах свята - Вольга Халадовіч.

«Кліч Палесся» чуваць не толькі ў Беларусі. Этнафестываль - зноў са статусам "міжнародны". Сёння ў Ляскавічы прыехалі самабытныя артысты з шасці краін. Украіна і Расія, Польшча, Латвія, Малдова. Але самі ўдзельнікі сцвярджаюць, што гэты фестываль больш падобны на сустрэчу сваякоў. Калі разам збіраюцца блізкія па духу і культурных традыцыях людзі.

За гады правядзення фестываль «Кліч Палесся» стаў сапраўдным нацыянальным брэндам. Віншаванне ўдзельнікам ад Прэзідэнта Беларусі зачытвае міністр культуры. Ён жа і ўзнагароджвае самых заслужаных прадстаўнікоў краю палескім "Оскарам" - так празвалі статуэтку, якая сімвалізуе званне «Ганаровы паляшук».

Сёлета тут не проста падворкi, дзе палешукі дэманструюць усё тое, чым так ганарацца на гэтай зямлі. Сёлета яны сталі сапраўднай палескай вёскай з 8 вуліцамі. А ў кожнага рэгіёна - свая назва, якая адлюстроўвае яе змест. Напрыклад, вуліца Багатая і Кірмашовая.

Вось гэта вуліца Гасцінная. Тут усіх сустракаюць фірменнымі палескімі прысмакамі: дранікамі са шкваркамі і сапраўднай прыпяцкай юшкай. Традыцыі продкаў на Палессі ведаюць нават дзеці. Упершыню сёлета юныя рамеснікі таксама ўдзельнічаюць у конкурсе-фестывалі «Перазвон талентаў". Разам са сваімі настаўнікамі ўжо гатовыя даваць майстар-класы. Народныя песні, абрады, танцы, касцюмы, пачастункі - толькі ў Ляскавічах і толькі раз на два гады можна дакрануцца да сапраўднай аўтэнтыкі ўсяго Палескага краю.