Фінал нацыянальнага адбору на песенны конкурс адбудзецца ў прамым эфіры нашага канала 10 студзеня. Праграма Панарама працягвае знаёміць вас з прэтэндэнтамі на музычную пуцёўку ў Данію. Сярод канкурсантаў - магістр мастацтваў і прафесійная оперная спявачка Алена Сінявская. У фінале артыстка сумясціць папулярную музыку з акадэмічнай.
Аб падрыхтоўцы опернай дзівы да Еўрабачання - рэпартаж Іны Пілевіч.
Яна падала заяўку на Еўрабачанне, але наўмысна не прыйшла ў прызначаны час праслухоўвання. Салістка Вялікага тэатра Беларусі Алена Сінявская засумнявалася, ці будзе яе з'яўленне сярод выканаўцаў папулярнага жанру глядзецца дарэчы. Але ў выніку адважылася. Спявачка ў ліку апошніх паўстала перад журы і прайшла ў фінал нацыянальнага адбору на конкурс.
Алена Сінявская, фіналістка нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні Еўрабачанне-2014, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: Ніхто не ведаў, нават мае сябры не ведалі, што я падала заяўку. Гэта было спантана і зроблена ў апошні момант. А ў тэатры, калегі мяне віншавалі.
Іван Касцяхін, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: Мы прывыклі, што Еўрабачанне, а ну, значыць гэта якая-небудзь папса, усякія такія штукі з кветачкамі, міні-спадніцамі і музыкай, якую не заўсёды можна музыкай назваць. Але я вельмі рады, што нашы выканаўцы туды сур'ёзныя трапляюць. Такія як Лена, у прыватнасці. Таму што гэта сапраўдны голас.
Сюзанна з Вяселля Фігара, Царыца з Чароўнай флейты і Мюзета з оперы Багема. Менавіта такія ролі выконвае ўладальніца найрэдкага і самага высокага жаночага голасу - каларатурнага сапрана. Алене Сінявскай падуладныя складаныя і хуткія музычныя фразы-пошчакі. Вакалістка ўжо 8 гадоў саліруе ў Вялікім тэатры, за яе плячыма - музычныя школа і вучылішча, кансерваторыя і магістратура. Сёння магістр мастацтваў запісвае свой першы сольны альбом.
Таццяна Іванова, вядучы канцэртмайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: Для такіх галасоў у сусветнай опернай літаратуры не вельмі шмат партый. Таму што дыяпазон каларатурнага сапрана - гэта самае адказнае, гэта трэцяя актава. Самыя высокія ноты, якія ў прыродзе практычна не існуюць.
Для Еўрабачання оперная дзіва падрыхтавала песню ў стылі красовера-класік. Кампазіцыя Via Lattea, у перакладзе Млечны Шлях, з'яўляецца сінтэзам класічнай і папулярнай музыкі. Дарэчы, музыку і тэкст напісалі Юлія Быкава і Яўген Алейнік, якія таксама змагаліся за месца ў фінале нацыянальнага адбору.
Монаспектакль на тры хвіліны. У еўравізійным нумары опернай дзівы не будзе нічога лішняга - ніякіх падтанцовак, спецэфектаў і бэквакала. Алена Сінявская ў гатычным вобліку паспрабуе стаць лідарам галасавання выключна пры дапамозе голасу.














