85 гадоў адзначае галоўная кузня нацыянальных музычных кадраў

14 декабря 2017

Юбілей сёння адзначае і адна з найстарэйшых ВНУ краіны. Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі - 85. Са знакавай датай калектыў установы павіншаваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. У гэтыя хвіліны на галоўнай сцэне Белдзяржфілармоніі праходзіць урачысты канцэрт. Шлях кожнага ўдзельніка вечара, ды і шматлікіх іншых музыкантаў краіны, так або інакш звязаны з акадэміяй - тут галоўная кузня нацыянальных музычных кадраў. Напярэдадні ў "доме, дзе жыве музыка", пабывала Наталля Бардзілоўская.

Адно з найстарэйшых месцаў Мінска - плошча Высокага рынку, сёння плошча Свабоды. З канца 50-ых мінулага стагоддзя тут знаходзіцца галоўны музычны дом краіны. Гэта цяпер маштабны будынак з калонамі, які аб'ядноўвае 5 факультэтаў і 20 кафедр, а тады, у 1932-ім, калі ўрадам было прынята рашэнне аб стварэнні вышэйшай нацыянальнай музычнай школы, усё пачыналася з вуліцы Кірава, з адзінкавых аддзяленняў і запрошаных спецыялістаў (сваёй упарадкаванай акадэмічнай школы савецкая Беларусь яшчэ не мела).

У Беларусі няма культурнай установы, дзе б цяпер не служылі выпускнікі-кансерваторцы: іх - выканаўцаў, музыказнаўцаў, кампазітараў - за 85 гадоў выйшла не менш за 15 тысяч. Можаце смела шукаць іх у хрэстаматыі сусветнага тэатра. Без іх не было б і беларускага гімна, і папулярных шлягераў Лучанка, і харавых традыцый Роўды.

Аўтарытэт ВНУ - сусветны: вучыцца музыцы ў Мінск і ў філіялы кансерваторыі ў Магілёве, Гродне і Брэсце едзе моладзь з замежжа. Паводле статыстыкі, больш за паўтары тысячы студэнтаў з дзесяці краін свету! Беларуская акадэмія мае пагадненні з кансерваторыямі Германіі, Італіі, Расіі і Кітая.

Імёны - ад першых выкладчыкаў да сённяшніх лаўрэатаў, народных і заслужаных артыстаў (усяго 800 прозвішчаў) - увайшлі ў том энцыклапедыі «Гісторыя ў асобах». Новае выданне прысвечана юбілею. І яшчэ адзін падарунак - ад кіраўніка дзяржавы! Напярэдадні даты 50 студэнтаў і педагогаў ВНУ ўдастоіліся запрашэння ў рэзідэнцыю Прэзідэнта Беларусі. Экскурсія-эксклюзіў: музыканты прайшліся па пакоях і залах, дзе адбываліся высокія дзяржаўныя цырыманіялы і нават пасядзелі ў крэслах, у якіх прымаліся і прымаюцца галоўныя рашэнні.

Дарэчы, сярод кансерваторскай дэлегацыі і артысты аркестра, які суправаджае дзяржаўныя цырыманіялы - Прэзідэнцкага аркестра.

У калідорах, аўдыторыях і залах кансерваторыі - гісторыя айчыннага мастацтва. Тыя, хто прыходзілі сюды студэнтамі, праз нейкі час вярталіся як рэктары і педагогі.

Вялікая зала Акадэміі музыкі. У кансерваторыі 4 залы: малая, камерная, імя Роўды, але гэтая, канцэртная, - самая галоўная. Нідзе больш, чым тут крытычна і прадузята не ацэньваюць выканаўцу. У той жа час нідзе, як тут, не радуюцца, калі запальваецца новая зорка, адкрываецца новы талент.

Для росту выкладчыкаў тут магістратура, аспірантура і дактарантура. Для падрыхтоўкі студэнцкай змены - сетка гімназій-каледжаў і школ пры кансерваторыі. Для папулярызацыі нацыянальнага мастацтва і прасоўвання яго на новыя міжнародныя прасторы тут думаюць аб музычным менеджменце і ўвядзенні адпаведнай спецыяльнасці.