83-гадовы музыкант Емяльян Бабкоў сабраў каля 30 рарытэтных гармонікаў

27 октября 2018

Емяльян Бабкоў падбірае старадаўнія гармонікі і некалі няспраўным рарытэтам дае другое жыццё. У калекцыянера ўжо каля 30 рэаніміраваных інструментаў. Некаторыя справілі паўтаравекавы юбілей і былі героямі легендарнай савецкай праграмы "Іграй, гармонік!". З незвычайным музыкантам пазнаёмілася Ганна Кавалёва.

Гэтаму гармоніку - за шэсцьдзясят. Ён стаў другім музычным набыццём Емяльяна Бабкова. Таму зараз - адзін з самых дарагіх сэрцу інструментаў. Усяго на стэлажах 83-гадовага музыканта - каля 30-ці рарытэтаў.

У калекцыі як завадскія, так і аўтарскія гармонікі. На корпусе некаторых - інкрустацыі ручной працы і выбітыя імёны ўмельцаў, якія шмат гадоў таму стваралі гэтыя інструменты.

Некаторым экспанатам - прыкладна паўтары сотні гадоў. У кожнага гармоніка - свая гісторыя. І не заўсёды вясёлая. Адны былі выкупленыя, другія - аддадзены ў дар, трэція - падабраныя на сметніку. Кожнаму Емяльян Бабкоў даў другое гучанне: адрэстаўрыраваў, дадаў неабходныя элементы - і гармонік зноў загучаў.

У рэпертуары - больш за 80 песень і прыпевак. Увогуле, у вёсцы Хальч ён - мясцовая знакамітасць. Калісьці яго музыку тыражыравалі на дысках, а выкананне здымалі для легендарнай савецкай праграмы "Іграй, гармонік, любімы!". За апошнія 30 гадоў назапасілася вялікая кіпа дыпломаў з фестываляў і конкурсаў. Сёння, кажа, народны інструмент сталі забываць. Таму ён і падбірае старыя гармонікі. Да прыкладу, на рэстаўрацыю гэтага пойдзе ўся зіма. Але ўмелец кажа: яно таго варта.

Емяльян Бабкоў, гарманіст: "Гэта ведаеце што, гэта таблетка ад любых хвароб. Гэта сілкаванне душы чалавечай - гармонік. Я вось так, як бы ні было цяжка, так стамлюся, што здаецца рукі ўжо не працуюць. Як толькі пачуў мелодыю - як быццам уся стомленасць адыходзіць".

Дарэчы, ні адной ноты Емяльян Бабкоў не ведае. У музычнай справе - самавучка. Упершыню расцягнуў мяхі ў шэсць гадоў. А каб зарабіць на першы гармонік - пасля 6 класа кінуў школу і стаў працаваць у калгасе. Зараз самая вялікая мара ўжо сівога музыканта - стварыць у роднай вёсцы ансамбль, каб гукі гармонікаў гучалі ў акрузе гэтак жа, як і 70 гадоў таму. Інструментаў, кажа, хопіць на ўсіх.