80-гадовы юбілей сёння адзначыць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі

11 января 2019

Свой 80-гадовы юбілей сёння адзначыць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. На сцэне Дома афіцэраў адбудзецца ўрачысты канцэрт. Калектыў літаральна правядзе творчы экскурс па старонках сваёй гісторыі. Ад зараджэння і песень у тыле Вялікай Айчыннай да сучаснасці. Акрамя аркестра, мужчынскага хору і балета, ансамбль павіншуюць і ганаровыя госці. Салісты музычнага тэатра і выпускнік калектыву - саліст Вялікага тэатра Уладзімір Громаў.

Відэавіншаванні з юбілеем ужо накіравалі творчы тандэм Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава, а таксама Ансамбль песні і танцаў Расійскай Арміі імя Аляксандрава. Трансляцыю святочнага канцэрта правядзе тэлеканал "Беларусь 3" 20 студзеня.