80-годдзе адзначае Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь

7 декабря 2013

Адзін з найбуйнейшых інфармацыйных цэнтраў краіны - Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь - адзначае 80-гадовы юбілей.


Пра гісторыю бібліятэкі, найважнейшыя дакументы і артэфакты, якія захоўваюцца ў яе фондах - рэпартаж Ларысы Гулякевіч. Дзяржаўнасць Беларусі налічвае тысячы гадоў, столькі ж і кніжнай культуры Беларусі. Для ўлады любой эпохі заўсёды патрэбная была інфармацыя. І князям Полацкага княства, і Вялікага Княства Літоўскага, і жрацам, і дзяржаўным мужам. Тагачасныя бібліятэкары, пісары, манахі забяспечвалі дзеячаў улады адпаведнай літаратурай і інфармацыяй.


Акрамя дзяржаўных, нарматыўных і заканадаўчых дакументаў розных гістарычных эпох, тут, у Прэзідэнцкай бібліятэцы, шэраг унікальных артэфактаў. На гэтай карце 1772 года - тэрытарыяльны падзел беларускіх земляў у час Рэчы Паспалітай. Першая афіцыйная назва інфармацыйнага цэнтра краіны - Урадавая бібліятэка. Гэтай з'яве папярэднічалі гады стварэння бібліятэк розных наркаматаў. У снежні 1933 года пастановай Саўнаркама ўсе яны былі аб'яднаныя ў адну Цэнтральную бібліятэку пры Доме Урада. Толькі ў 1994-м яна набыла статус і імя Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


Валерый Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь: Адрозненне нашай бібліятэкі ад бібліятэк другіх тыпаў у тым, што яна існуе для інстытутаў улады. Таму і старажытныя рарытэты ў першую чаргу датычацца прававых дакументаў. Сёння мы ствараем базу даных, збіраем поўныя тэксты канстытуцый Беларусі ўсіх часоў, якія існавалі ад 8 стагоддзя да нашага часу.


Падчас Вялікай Айчыннай фонд Урадавай бібліятэкі значна пацярпеў. Значная частка яго была вывезеная нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сведкі таму - матэрыялы Нюрнбергскага працэса і бібліятэчныя штампы, беларускія і нямецкія.


Тут, у інфармацыйна-аналітычным аддзеле, ідзе інтэлектуальная праца па падрыхтоўцы той самай важнай інфармацыі для Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, судоў усіх інстанцый, устаноў і мясцовых органаў улады. Даручэнне у супрацоўнікаў даволі адказнае. Разам з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Прэзідэнцкая бібліятэка пераводзіць усе гістарычныя і сучасныя дакументы ў электронную форму. Гэтая інфармацыя выстаўляецца для адкрытага карыстання.