80 карцін да 80-гадовага юбілею

2 декабря 2015

Жывапісных работ у заслужанага дзеяча мастацтваў Мікалая Апіёка ў некалькі разоў больш. Юбілейная выстава прапануе гледачу ўсё самае знакавае і яркае. "Час і асоба" - пад такой назвай у экспазіцыі паказаны творчы рост мастака, самыя раннія яго работы, найбольш вядомыя палотны, што ляглі ў аснову хрэстаматыў па мастацтвае, і сёе-тое з новага.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Дзіця вайны, Мікалай Апіёк сваю юбілейную выставу прысвяціў 70-годдзю Вялікай Перамогі і незалежнай беларускай дзяржаве. Непакорлівы дух і мужнасць землякоў мастак прасачыў праз шматвыпрабавальную гісторыю нашых земляў. Так, у цэнтры экспазіцыі прэм’ернае палатно, герой якога - Усяслаў Чарадзей з XI стагоддзя, вядомы як першы аб’яднальнік беларускіх тэрыторый.

На ўвасабленне князя Полацкага ў алейных фарбах Апіёку спатрэбілася ажно 8 гадоў. Асоба на кані з сімвалам сонца і перамогі - сокалам на руцэ. Але галоўны сімвал карціны ў цэнтры - звон, якім Чарадзей упрыгожыць пабудаваны ім жа Сафійскі сабор. Тыя звонавыя пералівы з Полацка было чуваць ажно ў Кіеве і Ноўгарадзе!

Першыя спробы дзяржаўнасці на нашых землях Апіёк адлюстраваў ў выявах Вітаўта з Ягайлам і прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Сімяон Полацкі сёння на мальберце мастака, а на выставе як працяг героікі - гады Вялікай Айчыннай. Драмы саракавых Апіёк памятае хлопчыкам, з маці праводзіў аднавяскоўцаў на фронт. Хаваліся ад акупантаў. Цяпер Апіёк на чале студыі ваенных мастакоў. Аб’яднанне абапіраецца на героіка-патрыятычную тэматыку. І піша не толькі пра мінуўшчыну, але і жыццё сучасных ваенных.

Разам з патэтыкай у юбіляра ёсць лірычныя нацюрморты і пейзажы. Партрэтная серыя землякоў і беларускіх знакамітасцяў. Усе легенды напісаныя з натуры. А вось уласную сям’ю (жонку - актрысу Тамару Мікалаеву, з якой паўстагоддзя разам, і дачку - сёння ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў) юбіляр не пісаў ніколі.

Сімвалічным стала і месца выставы. Галерэя Міхаіла Савіцкага - народнага мастака Беларусі, які для Мікалая Апіёка і зямляк, і настаўнік, і старэйшы сябар.