70-годдзе адзначае народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны

16 января 2017

Кампазітар, чые песні ведае кожны беларус. З юбілеем Леаніда Захлеўнага павіншаваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Імя народнага артыста непарыўна звязана з ансамблем Белтэлерадыёкампаніі "Бяседа". Ён нязменны кіраўнік калектыву ўжо чвэрць стагоддзя. Яго песні ў рэпертуары шматлікіх выканаўцаў. Да таго ж, маэстра - аўтар сімфанічнай музыкі, а таксама мелодый да мастацкіх фільмаў. Пра таленавітага юбіляра - Алена Борматава.

Рэдкае фота. Захлеўны - студэнт кансерваторыі. Заняткі па класе кампазіцыі разам з педагогам Багатыровым. Сярод выкладчыкаў сённяшняга народнага артыста - легенды нацыянальнай кампазітарскай школы - Глебаў і Алоўнікаў. Яны і заклалі Захлеўнаму эталон музычнай эстэтыкі як у сімфанічнай, так і ў эстраднай музыцы.

У музычную школу Захлеўны пайшоў па жаданні бацькі. Як мінімум гадзіна заняткаў на баяне - абавязковы пункт у раскладзе дня юнага музыканта. Затым былі музвучылішча, кансерваторыя, аспірантура. Захлеўны звыш дзесяці гадоў працаваў музычным рэдактарам на “Беларусьфільме”. Ён аўтар мелодый дзясяткаў дакументальных, мастацкіх, анімацыйных стужак.

Захлеўны як прафесійны кампазітар, безумоўна, звяртаўся да сур'ёзнай сімфанічнай музыкі. Аўтар кантат, фартэп'янных п'ес, сімфоній. Яго музыка гучала з акадэмічных пляцовак. Аднак і сёння многія беларусы ўспомняць зусім не "акадэмічнага" "Дзеда-Барадзеда".

Меладызм, лірычнасць, фальклорная традыцыя нацыянальнай музычнай спадчыны - аснова творчасці Захлеўнага, менавіта таму яго песні часта называюць народнымі. Яны ў рэпертуары многіх айчынных выканаўцаў і калектываў. Ваенныя песні спяваў і Кабзон.

Захлеўны быў музычным кіраўніком усіх калектываў Беларускага радыё. А ў 1991-м была створана "Бяседа" - і сёння ён бяссменны кіраўнік заслужанага ансамбля. З гастролямі аб'ездзілі дзясяткі краін. Не аднойчы арганізоўвалі тур па Беларусі. Народная песня не патрабуе вялікіх райдараў. "Бяседа" – гэта выключна жывы гук.

Найбліжэйшы канцэрт, прымеркаваны да юбілею мастацкага кіраўніка - маэстра Захлеўнага, "Бяседа" дасць 27 студзеня ў канцэртнай зале "Мінск".