5-гадовы юбілей адзначыў ансамбль народнай песні "Лілея"

18 мая 2017

Удзельнікі аматарскага калектыву - супрацоўнікі кампаніі "Прамагралізінг". Арганізацыя стала бізнес-брэндам і ў Беларусі, і за мяжой. А супрацоўнікі яшчэ і вырашылі выявіць свае таленты. Ансамбль "Лілея" працуе ў фальклорным жанры. У рэпертуары - песні Беларусі, Расіі, Польшчы, Арменіі. На сольным канцэрце пабывала Ніна Мажэйка.

Косы і арнаментальныя ўзоры на дызайнерскіх касцюмах. Купальскія вянкі і кунтушы яны апранаюць толькі на сцэну. Па буднях - дзелавы дрэс-код. А пасля працы двойчы на тыдзень па 2 гадзіны - для творчасці. Сольную праграму да юбілею рыхтавалі ва ўласцівай манеры.

Таццяна Давыдзюк, мастацкі кіраўнік ансамбля "Лілея" ААТ "Прамагралізінг": "Гэта наша культура, нашы вытокі, і дастаўляе шчасце тое, што мы можам выконваць песні нашых бабуль, мы запісваем іх на дыктафон у вёсцы, чуем, як яны спяваюць, і ў нас атрымліваецца прайграць практычна тое ж гучанне".

"Лілея" - сакрэтная зброя кампаніі. Пад музычныя чары калектыву трапілі бізнесмены з усёй Еўропы. Шчырасць, уласцівая беларусам, у спалучэнні з аўтэнтычнымі напевамі выходзяць за рамкі дзелавых разлікаў.

Андрэй Пазняк, гендырэктар ААТ "Прамагралізінг": "Адно выступленне ансамбля "Лілея" замяняе доўгія і цяжкія перамовы з нашымі патэнцыйнымі замежнымі пакупнікамі і контрагентамі. Хачу пажадаць усім творчых поспехаў і заваявання новых камерцыйных вяршыняў разам з ААТ "Прамагролізінг".

Мастацкі кіраўнік - адзіная ўдзельніца ансамбля з дыпломам салісткі народнага жанру. У музычным арсенале 9 аматараў: баян, лыжкі, трашчоткі. Стаўку робяць на вакал. Шматгалосыя творы выконваюць а капэла.

У складзе ансамбля - спяваючыя фінансіст, юрысконсульт, акампануючы піяр-менеджар - той самы выпадак, калі адсутнасць спецыяльнай музычнай адукацыі - толькі плюс. Фолкавыя матывы ў выкананні непрафесіяналаў набываюць сапраўды народныя ноткі.