49 прэтэндэнтаў на пуцёўку ў Ратэрдам ацэньваюць у студыі "600 метраў"

27 января 2020
У Белтэлерадыёкампаніі працягваецца праслухоўванне ўдзельнікаў нацадбору на "Еўрабачанне-2020". 49 прэтэндэнтаў на пуцёўку ў Ратэрдам ацэньваюць у студыі "600 метраў". Кампазіцыі артыстаў былі адабраныя фокус-групай.

Праслухоўванне традыцыйна ідзе ў рэжыме жывога гуку. Канкурсанты выканалі песні на беларускай, рускай і англійскай мовах. Дарэчы, апошняя аказалася самай папулярнай. Перавагу ёй аддалі адразу 40 вакалістаў. Давайце паглядзім, як гэта было.

За статус фіналістаў змагаюцца 49 выканаўцаў

Гучалі новыя галасы, выступалі артысты, якія ўжо паднімаліся на сцэну нацадбору і нават тыя, хто ў складзе беларускай дэлегацыі прадстаўляў краіну на "Еўрабачанні" ў папярэдніх сезонах. Таленты ацэньвала калегія журы. Яе склад не выдаваўся да пачатку праслухоўвання. Сярод экспертаў  прафесійныя музыканты, прадзюсары і ўдзельнікі "Еўрабачання" розных гадоў. Менавіта яны складуць топ-выканаўцаў, якія пройдуць у фінал нацыянальнага адбору. 

Фіналістаў чакае ўдзел у выніковым гала-канцэрце

Ён пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі не пазней за 6 сакавіка. Выбіраюць дэлегата на галоўны песенны конкурс Еўропы гледачы і судзейская калегія. Сёлета "Еўрабачанне" прымаюць Нідэрланды.

Усе ўдзельнікі і прыхільнікі форуму, вядома,  з нецярпеннем чакаюць моманту, калі будуць названыя імёны фіналістаў нацыянальнага адбору. Хто будзе змагацца за еўравізійную пуцёўку ў наступным этапе, даведаемся ў вячэрніх навінавых выпусках на тэлеканале "Беларусь 1". Сачыце за інфармацыяй і на сайце медыяхолдынга tvr.by 

Адзначым, спіс тых, хто прайшоў у фінал еўравізійнага нацадбору, можна будзе ўбачыць праз некалькі гадзін у Telegram-канале Агенцтва тэленавін. Таксама пра іх мы распавядзем у наступных выпусках.