425 гадоў таму свет убачыла першая еўрапейская канстытуцыя

22 апреля 2013

425 гадоў таму свет убачыла першая еўрапейская канстытуцыя - Статут Вялікага Княства Літоўскага. Шматлікія нормы закона ўвайшлі ў сучасныя канстытуцыйныя параграфы многіх краін свету. Да гадавіны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла міжнародная канферэнцыя, куды былі запрошаныя прававеды, гісторыкі, бібліёграфы, якія вывучаюць Статут ВКЛ.


 Расказвае Алена Борматава.


Усе вядомыя экзэмпляры перавыданняў першай еўрапейскай канстытуцыі - Статута Вялікага Княства Літоўскага - упершыню сабралі разам. Нацыянальная бібліятэка раскрывае свае прававыя фонды. Тут Статуты ВКЛ розных перыядаў выдання - ад XVI да XXI стагоддзя. 


Статут сёння захоўваецца ў музеі гісторыі Магілёва. Бо выданне фундаваў Леў Сапега – тагачасны стараста горада на Дняпры і падканцлер ВКЛ. Гэта была першая друкаваная канстытуцыя. Зараз экзэмпляр на часовае экспанаванне перавезлі ў Мінск. Выставілі ў шкляной вітрыне з дадатковай сігналізацыяй.


Статут ВКЛ – помнік еўрапейскай прававой культуры эпохі Адраджэння. Многія нормы гэтай старажытнай канстытуцыі на нашых землях пачалі дзейнічаць на некалькі дзесяцігоддзяў раней, чым у краінах Заходняй Еўропы. Дарэчы, і сёння вывучэнне Статута ўключаецца ў адукацыйны працэс Беларусі. Вывучаюць гэты помнік прававой культуры нават у Сарбоне.


Прававыя нормы, распрацаваныя нашымі продкамі яшчэ ў XVI  стагоддзі, дзейнічалі амаль 250 гадоў. Нават пасля далучэння нашых зямель да Расійскай імперыі многія артыкулы дадалі ў Саборнае ўлажэнне, многія знайшлі адлюстраванне ў іншых еўрапейскіх канстытуцыях. Некаторыя нормы, закладзеныя ў Статуце ВКЛ,  і сёння вельмі актуальныя.


Апроч рускамоўных і польскамоўных выданняў Статута, ёсць іншыя заканадаўчыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага. У тым ліку зборнік прававых актаў з асабістай бібліятэкі Радзівілаў. XVI стагоддзе. Значная частка збору бібліятэкі гэтага магнацкага роду сёння раскіданая па свеце. І вывучэннем радзівілаўскай калекцыі займаюцца гісторыкі многіх краін.


На сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі стварае электронную калекцыю ўсіх перавыданняў старажытнай канстытуцыі, што захоўваюцца ў нашых фондах. Гэта і польскія, і рускамоўныя экзэмпляры. Наступны крок – выданне факсімільнага Статута Вялікага Княства Літоўскага.