40 секунд кожнаму ўдзельніку: каманда Белтэлерадыёкампаніі пачала здымаць візітоўкі для дзіцячага "Еўрабачання"

28 Жніўня 2019

Сёння каманда Белтэлерадыёкампаніі  пачала здымаць візітоўкі для нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне". Гэта ролікі да 40 секунд, якія прадставяць кожнага фіналіста праекта. Відэарад будзе папярэднічаць нумару канкурсантаў падчас трансляцыі выніковага гала-канцэрта. 

Здымачнай групе трэба будзе зрабіць 10 візітовак, менавіта столькі ўдзельнікаў выступіць у фінале. У кожным роліку юныя артысты будуць ствараць і запускаць у неба паветранага змея - такі сімвал будучага міжнароднага песеннага шоу. Здымкі візітовак будуць доўжыцца 5 дзён. Іх прэм'ера адбудзецца напярэдадні фіналу нацыянальнага адбору ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь!".

Яна Шаблыка, рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі: "Шмат цікавых лакацый. Вось зараз мы знаходзімся ў парку Чалюскінцаў, дзе будзем здымаць групу "Зефір", дзе яны будуць фатаграфавацца. Потым гэтыя фатаграфіі яны будуць прыклейваць на паветранага змея і адпраўляць яго ў нябёсы. Таксама ў нас будуць цікавыя лакацыі - гольфклуб. Мы паедзем у поле катацца на кані, г.з. гэта будуць нейкія гарадскія здымкі".

Выніковы гала-канцэрт нацыянальнага адбору прызначаны на 20 верасня. Яго трансляцыю будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Пераможца праекта будзе вызначаны па выніках галасавання гледачоў і журы. Уладальнік найбольшай колькасці балаў прадставіць нашу краіну на дзіцячым "Еўрабачанні-2019", якое адбудзецца 24 лістапада ў Глівіцэ.