40 дзён без легенды

8 марта 2017

Сёння родныя, сябры і прыхільнікі ўспамінаюць і моляцца за Аляксандра Ціхановіча. Народны артыст Беларусі пайшоў з жыцця 28 студзеня пасля працяглай хваробы. Выканавец хітоў "Малиновка", "Завіруха", "Я у бабушки живу" здабыў усесаюзную славу ў складзе ВІА "Верасы". Менавіта ў ансамблі музыкант сустрэў сваю спадарожніцу - Ядзвігу Паплаўскую. Пасля ў дуэце яны адправіліся ў сольнае плаванне і нават арганізавалі Тэатр песні, пад крылом якога вырасла цэлая пляяда папулярных спевакоў. Таксама народны артыст займаўся падрыхтоўкай першых прадстаўнікоў нашай краіны на "Еўрабачанні", без яго ўдзелу не абыходзіўся ні адзін конкурс маладых выканаўцаў. Аляксандр Ціхановіч пахаваны на Маскоўскіх могілках сталіцы. У ліпені яму споўнілася б 65.

Паводле праваслаўнай традыцыі, на 40-ы дзень вырашаецца лёс душы чалавека. Аляксандр Ціхановіч быў шчырым вернікам. У сталічным прыходзе Храма Аляксандра Неўскага народны артыст Беларусі быў пеўчым і царкоўным старастам.