3D-тур па Гомельскім палацава-паркавым ансамблі

21 ноября 2014

Віртуальны 3D-тур зараз можна зрабіць па Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Экскурсія складаецца з 20-ці фатаграфій з візуальным эфектам аб'ёмнасці. Палац і яго залы ўжо агледзеў Аляксей Немаў.


Гомельскі палацава-паркавы ансамбль ужо даўно стаў візітнай карткай не толькі горада, але і Беларусі. Сюды прыязджаюць турысты з усяго свету. Зараз з'явілася ўнікальная магчымасць наведаць палац, не выходзячы з дома.


Гомельскі палацава-паркавы ансамбль стварыў для наведвальнікаў віртуальны 3D-тур. Для яго прагляду не патрэбная спецыяльная праграма. Большасць экскурсійных маршрутаў можна прайсці з дапамогай тэлефона або планшэта. Галоўнае - доступ у Інтэрнэт.


Кругавыя панарамы прывязаныя да найбольш цікавых аб'ектаў ансамбля. Так, можна пабываць у самім палацы, капліцы, на мосце цераз Сож. Тут таксама можна разгледзець і экспанаты музея.


Такія віртуальныя экскурсіі ўжо ёсць ва ўсіх буйных музеях свету: у Луўры, Версалі і Эрмітажы. Зараз 3D-тур дасць магчымасць усім, хто жадае, прагуляцца па залах палацава-паркавага ансамбля Гомеля.