30-годдзе адзначае канцэртны аркестр Рэспубліканскага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Уладзіміра Перліна

18 апреля 2019

Сёння  30-годдзе адзначае малады калектыў - канцэртны аркестр Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Акадэміі музыкі  пад кіраўніцтвам прафесара Уладзіміра Перліна. Кожны год склад аркестра папаўняюць маладыя навучэнцы каледжа. Менавіта такім чынам, на працягу 30-ці гадоў беларускі струнны калектыў, які ведаюць далёка за мяжой, застаецца маладым. Мая калега Ларыса Гулякевіч зацікавілася сакрэтам поспеху  як калектыву, так і яго  нязменнага  кіраўніка.

Кантрабасы, віяланчэлі, скрыпкі і альты... Знакамітыя вучні працягваюць музычную справу свайго славутага педагога - заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Перліна. Маладому струннаму калектыву пад яго кіраўніцтвам - 30 гадоў.

Нязменны мастацкі кіраўнік - майстар віяланчэлі, мэтр педагогікі Уладзімір Перлін. Праз яго рукі прайшлі сотні вучняў, якіх Уладзімір Паўлавіч называе сваімі дзецьмі. Штогод у аркестры - каля 30 новых струннікаў. Амаль кожны другі становіцца лаўрэатам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

Яго вучні працуюць ва ўсіх знакамітых калектывах краіны. Оперны тэатр, філармонія, камерны аркестр, а таксама «Віртуозы Масквы» і «Салісты Масквы». Яго справу працягваюць такія славутыя сёння музыканты як Арцём Шышкоў, Міхал Радунскі, Іван Карызна. Іван спецыяльна прыехаў з гастроляў на юбілейны канцэрт, які адбыўся ў Белдзяржфілармоніі.

Сям'я струнных інструментаў – цэлы музычны свет са сваімі сакрэтамі. І каб дабіцца якаснага гучання віяланчэлі ці скрыпкі,   трэба зазірнуць у іх душу з дапамогай чароўнай палачкі - смычка.

 Уладзімір Перлін дае сваім падапечным адукацыю не толькі музычную, але і літаратурную, інтэлектуальную - агульнаадукацыйную, каб лепш разумець яе вялікасць - Музыку.

У аркестра багатая творчая біяграфія - звыш тысячы канцэртаў па Беларусі і за яе межамі. З трыумфам праходзілі выступленні ў Францыі, Бельгіі, Галандыі, Польшчы, Англіі. А трапіць у клас прафесара Уладзіміра Перліна сёння – прэстыж і шчаслівы шанц на будучыню.