30 гадоў творчай і выкладчыцкай дзейнасці адзначае Васіль Ясюк

16 декабря 2013

30 гадоў творчай і 30 гадоў выкладчыцкай дзейнасці адзначае гэтымі днямі мастак і педагог Васіль Ясюк. Святкуе не пампезна, не персанальнай выставай у музеі, а вузкім колам блізкіх, сяброў і калегаў на прасторы мастацкай галерэі, дарэчы, адной з першых арганізаваных у Мінску. Ясюк тут не проста запрошаны госць, ён выступае як эксперт у свеце жывапісу.


Алена Борматава - пра падвойны юбілей. Творчая сустрэча - незвычайны фармат для мастака. Куды больш звыкла знакавыя даты адзначаць персанальнымі выставамі. Ясюк жа наўмысна падвойны юбілей святкуе камерна. Толькі з самымі блізкімі сябрамі, калегамі і вучнямі.


Адлік сваёй прафесійнай дзейнасці Васіль Ясюк вядзе з моманту першага згадвання яго прозвішча як мастака. Артыкул у газеце Літаратура і мастацтва і сёння ў хатнім архіве.


Васіль Ясюк, мастак, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: У мастака што важна: пачуццё малюнка, пачуццё колеру і пачуццё кампазіцыі. Гэта, я лічу, рэжысура. Калі няма рэжысуры, можна доўга пісаць, можна павольна пісаць, але калі гэтага пачуцця няма, карціна не атрымаецца.


Многія работы мастака напісаныя ў тэхніцы а-ля прыма. Гэта значыць, за адзін сеанс, на адным дыханні. Так у свой час стваралі некаторыя шэдэўры Рэпін і Каровін.


З тэхнікай а-ля прыма беларус Ясюк увайшоў у гісторыю заходнееўрапейскага мастацтва. Яго Калядны нацюрморт, напісаны за дзень, сёння амаль у кожным доме Германіі. Рэпрадукцыя карціны была надрукаваная мільённымі тыражамі і прадавалася разам з рэпрадукцыямі работ Шагала і Кандзінскага.


У свет мастацтва яго прывялі мяшкі з цэментам. А як яшчэ хлапчук са шматдзетнай сям'і, які вырас без бацькі, мог зарабіць на фарбы і пэндзлі? Вось і прыходзілася разгружаць вагоны. За заробленыя грошы прыехаў у Мінск і паступіў у мастацкае вучылішча.


Пасля вучылішча быў тэатральна-мастацкі інстытут - сённяшняя акадэмія. Яе Васіль Ясюк скончыў з чырвоным дыпломам і атрымаў прапанову застацца выкладаць у роднай альма-матар. Адразу на дзвюх кафедрах, жывапісу і малюнка, поплеч з народнымі Беларусі - сваімі ж педагогамі - Данцыгам, Грамыкам. Акадэмію педагог Ясюк не кідаў нават тады, калі быў дырэктарам Глебаўкі - мастацкага вучылішча, якое сам жа і сканчаў. Дарэчы, і сённяшні рэктар акадэміі - вучань Ясюка.


Са сваімі вучнямі Васіль Ясюк афармляў беларускае пасольства ў Маскве. Сёння майстар рыхтуецца да асабістага юбілею - 60-годдзя. І тады абяцае выставіць усю анталогію сваіх работ. Ад дыпломнай, а яна, дарэчы, і сёння ў яго майстэрні, да тых, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях.