30 красавіка ў Верхнім горадзе пройдзе свята беларускай культуры "Вытокі"

28 апреля 2017

І разам з чаканым пацяпленнем - старт летняга музычна-турыстычнага сезона ў Верхнім горадзе! Ужо ў гэтую нядзелю, 30 красавіка - свята беларускай культуры «Вытокі». Каларытную творчасць - як музычную, так і рамесніцкую - прапаноўваюць некалькі пляцовак. Як не прапусціць майстар-класы па народных спевах і што прапаноўвае кірмаш рамеснікаў? З анонсам свята - Аляксандра Драгун.

Больш за 20 гадоў Ала Аўсяннікава пераплятае саламяныя прамяні ў падвесных павукоў, каларытныя галаўныя ўборы, дэкаратыўны посуд. Жанчына ўручную нарыхтоўвае сцяблінкі каласоў. Авёс - для аплікацыі, жыта - для масіўных вырабаў. Зараз працуе над серыяй анёлаў для свята беларускай культуры «Вытокі».

Фестываль «Вытокі» пакуль для сталіцы - навіна. Пройдзе ён упершыню ў апошні дзень красавіка на папулярнай у мінчан і гасцей тэрыторыі Верхняга горада.

Сваю творчасць эстрадныя выканаўцы, харэаграфічныя калектывы і народныя ўмельцы будуць дэманстраваць на некалькіх пляцоўках. Галоўная канцэртная сцэна размесціцца на плошчы Свабоды. Вучыць беларускім народным песням і знаёміць з разнастайнымі тэхнікамі выканання будуць у Карэтным дворыку. А кірмаш рамеснікаў расцягнецца па старажытных вулачках Верхняга горада.

У гэтую нядзелю ў сталіцы збяруцца народныя ўмельцы з усёй краіны. Больш за дзве сотні рамеснікаў аб'яднае фестываль «Вытокі». Прадметы дэкору і быту з саломкі і лазы, музычныя інструменты з дрэва, вырабы са скуры і гліняны посуд. Кірмаш, быццам экскурсія, раскажа гледачам аб традыцыйных тэхніках і рамёствах продкаў. А з мілагучным фальклорам на «Вытоках» пазнаёмяць меламанаў ансамблі «Церніца», «Неруш» і «Харошкі».

Аркестравая група ў складзе амаль двух дзясяткаў музыкантаў на свежым паветры будзе выконваць двухгадзінную праграму, безумоўна, у нацыянальным стылі, з каларытным гучаннем.

Над візуальнай часткай «Харошак» працуюць тут - у харэаграфічнай зале. Артысты адточваюць не толькі элементы танцавальных нумароў. На рэпетыцыйным паркеце ўзнавілі памеры вулічнай сцэны, якая будзе ў разы меншай за звыклую для калектыву з больш як шасці дзясяткаў чалавек.

Завершыцца фестываль беларускай культуры а дваццаць другой гадзіне. Развітальны акорд каларытнага свята прагучыць ад ансамбля «Харошкі». Але не да наступнага года. Сёлета «Вытокамі» пачнуць сезон музычных вечароў у Верхнім горадзе.