2 дні да заканчэння прыёму заявак на Еўрабачанне

19 ноября 2014

На адрас Макаёнка, 9 працягваюць паступаць бандэролі з песнямі. Адзначым, падрыхтоўкай адборачнага тура і беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу займаецца Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.


Калі ж Беларусь выбера свой голас на конкурсе - рэпартаж Іны Пілевіч. У пятніцу Белтэлерадыёкампанія завяршае прыём заявак на Еўрабачанне-2015. Да ўдзелу ў нацыянальным адборы дапускаюцца песні працягласцю да трох хвілін камерцыйна нерэалізаваныя. Гэта значыць, якія яшчэ нідзе не гучалі і не распаўсюджваліся. Мова кампазіцый - беларуская, руская ці англійская.


У якасці выканаўцы могуць прымаць удзел як адзін, так і некалькі артыстаў. Адзіная ўмова - на сцэне павінна знаходзіцца не больш за 6 чалавек. Узрост канкурсантаў - ад 16 гадоў. З усімі патрабаваннямі да ўдзельнікаў праекта можна пазнаёміцца ў палажэнні аб конкурсе, размешчаным на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.


Праект праводзіцца ў тры этапы - прыём заявак, праслухоўванне і фінал. Да выніковага гала-канцэрта журы дапусціць не больш за 15 нумароў. Праслухоўванні ўдзельнікаў адбудуцца 4 і 5 снежня. А 26 снежня запланаваны фінал праекта ў фармаце тэлевізійнага канцэрта ў прамым эфіры тэлеканала Беларусь 1 і спадарожнікавага Беларусь 24.


Пераможца нацыянальнага адбору прадставіць нашу краіну на юбілейным песенным конкурсе кантынента. Шасцідзясятае Еўрабачанне ў маі прыме сталіца Аўстрыі Вена. Дарэчы, Бельгія, Македонія, Нідэрланды і Чарнагорыя ўжо вызначыліся са сваімі прадстаўнікамі.