25 гадоў храму ў гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці

2 Жніўня 2016

Свой юбілей адзначыла першая царква Мінска, пабудаваная пасля 1914 года. 25 гадоў храму ў гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці. Гэта першы прыход, створаны ў прамысловым сэрцы сталіцы, - у Заводскім раёне.

Больш падрабязна Вольга Мядзведзь. Студэнт Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, рэжысёр першай катэгорыі ў навукова-папулярным кіно, памочнік народнага артыста СССР Герасімава. Калісьці лёс настаяцеля Аляксандра Рудчанкі быў звязаны з кінематографам, за яго плячамі некалькі дзясяткаў карцін. Але яго чакала іншае прызначэнне.

Яшчэ 25 гадоў таму ў прыхода ў гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці не было і такога памяшкання для набажэнства. Цяперашні храм – прыбудова да сямейнай ўласнасці. Дамавы храм у іх існаваў, але неафіцыйна і не такіх памераў. А ўжо ў 1991-м пасля благаславення Уладыкі Мітрапаліта на месцы былога агарода і пачалося будаўніцтва. Праект настаяцель разам з архітэктарам малявалі ад рукі.

Царква ў завулку Заводскага раёна не з'яўляецца класічным будынкам. Гэта звычайны дом у прыватным сектары Мінска. Выдае схаваную святыню двухпавярховая званіца, што ўзвышаецца над домам-храмам.

Вышытыя абразы, імянныя іконы і святыні з часцінкамі мошчаў. Храм багаты на незвычайныя святыні, якія захоўваюцца тут. Усё пачалося з Чанстахоўскага абраза Божай Маці пачатку ХХ стагоддзя, набытага ў суседкі. Ікона была сапсаваная і мела чорны колер, але з цягам часу сама пазалацілася. У спадчыну ад Іаана Кранштацкага ў храм перадалі невялічкі медны абраз Аляксандра Неўскага. Ля уваходу ў бабінцы пад іконай Спатмасу знаходзіцца спецыяльна абсталяванае месца для камянёў ці проста часцінак са святых мясцін з розных куткоў свету.

Але найбольшы гонар – гэта машчавік, дзе знаходзяцца дзясяткі часцінак мошчаў святых. Больш за трыста крупінак. У храм яны траплялі па-рознаму: некаторыя аддавалі у дар, некаторыя цудоўным чынам перадавалі. Але, каб памаліцца каля скрыні з часцінкамі, сюды вернікі прыязджаюць з усяго свету, не ведаючы цікавы лёс самога храма.