22-мятровая лыжка сустракае гасцей на ўваходзе ў Бярэзінскі цэнтр рамёстваў

31 октября 2018

Зазірнуць у гісторыю палаца Радзівілаў, наведаць Музей слуцкіх паясоў і адчуць хараство блакітных азёр. Праект "Міншчына дзіўная" знаёміць са славутасцямі вобласці, месцамі, дзе варта пабываць кожнаму жыхару сталічнага рэгіёна. У Беразіне гэта цэнтр народных рамёстваў. Якія самаробныя экспанаты сталі брэндам раёна, раскажа Наталля Кузьміцкая.

Паясы, самавары, выцінанкі - у кожнага раёна ёсць свае адметнасці…

Гісторыя гэтага, на першы погляд, звычайнага сталовага прадмета пачалася 8 гадоў таму, калі была прынята праграма па адраджэнні беларускіх рамёстваў. Менавіта ў той час мясцовыя ўмельцы захапіліся старадаўнім народным промыслам - лыжкарствам.

У Бярэзінскім цэнтры народных рамёстваў сабрана багатая калекцыя гэтых сталовых прыбораў і мноства цікавых фактаў пра іх. Вось лыжкі абрадавыя - на вяселле, сувенірныя з мудрагелістымі ўзорамі - колькасць экспанатаў перасягнула за дзве сотні, большасць з іх зроблена рукамі майстроў.

Ёсць тут і самая вялікая бадай што у свеце - 22-мятровая лыжка-цмок, яна, вядома, не змясцілася ў пакоі музея - сустракае гасцей на ўваходзе ў цэнтр рамёстваў.

Яўген Осіпаў - майстар, вядомы далёка за межамі Бярэзінскага раёна. Яго работы здзіўляць і захапляюць. Настаўнік па прафесіі 20 гадоў таму самастойна засвоіў нялёгкае рамяство - разьбярства. Зараз у яго руках любы матэрыял становіцца падатлівым, гатовым прыняць любую форму, якую пажадае майстар. Свае веды сёння перадае іншым, вучыць дзяцей і дарослых працаваць з дрэвам на адмысловых майстар-класах.

Як лыжка стала брэндам раёна, так Беразіно - своеасаблівай сталіцай разьбярства, дзе збіраюцца лепшыя майстры краіны і ствараюць сапраўдныя шэдэўры драўлянага мастацтва, якія неабходна абавязкова ўбачыць.