18 гадоў у Беларусі працуе Спецфонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі

23 мая 2014

Сёння - адораныя школьнікі, заўтра - інтэлектуальны і эканамічны патэнцыял дзяржавы. Вось ужо 18 гадоў у Беларусі працуе Спецфонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як фарміруецца залаты фонд краіны - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.



У 1996 годзе ў Беларусі пад кіраўніцтвам Кіраўніка дзяржавы была створана структура, знакавая для таленавітай моладзі. Спецыяльны Фонд Прэзідэнта быў і застаецца нацэленым на стымуляванне поспехаў і ўшаноўванне дасягненняў здольных дзяцей, якія сваім талентам і працай рухаюцца да сваёй будучай прафесійнай дзейнасці. Як з дапамогай фонду фарміруецца залаты фонд нашай краіны ў галіне культуры і мастацтва. У рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.



За 18 гадоў існавання фонду, які падтрымлівае таленавітую моладзь, адзначаны каля трох тысяч юных здольнасцяў у самых розных відах мастацкай творчасці і каля 200 творчых калектываў. Усе яны ўдастоеныя важкіх грашовых заахвочванняў, а гэта гранты, прэміі і магчымасць здзяйсняць прафесійныя стажыроўкі. Іх імёны занесеныя ў спецыяльна створаны нацыянальны банк даных таленавітай і адоранай моладзі.


Новаму кіраўніку Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярыне Дулавай сёння не сорамна і за поспехі навучальнай установы, якую яна ўзначальвае. Беларуская акадэмія музыкі традыцыйна ўносіць у лік стыпендыятаў і лаўрэатаў фонду значную колькасць сваіх студэнтаў. Сёлета адзначана 11 студэнтаў кансерваторыі.


Унікальнасць працы фонду і ў тым, што ён адзначае не толькі навучэнцаў, але і настаўнікаў. У мастацтве, як і ў спорце, трэнерства, перадача вопыту - адно з самых галоўных звёнаў поспеху таленавітага чалавека.


Маладыя таленты, адзначаныя краінай, на самым узлёце сваёй кар'еры - сёння яшчэ навучэнцы, а заўтра касцяк нацыянальнай культуры і мастацтва.