12 ліпеня можна купіць білеты на "Славянскі базар" са скідкай

11 июля 2016

Ужо заўтра ў Віцебску стартуе юбілейны, 25-ы, фестываль мастацтваў "Славянскі базар". Афіцыйнае адкрыццё форуму адбудзецца 14 ліпеня, але ўжо ў аўторак пачнуцца канцэрты. Свабодных месцаў, дарэчы, засталося не так шмат, але купіць білеты ўсё ж яшчэ магчыма.

І заўтра гэта можна будзе зрабіць са скідкай - упершыню на ўсе фестывальныя праекты квіткі ў касах форуму будуць каштаваць на 25% танней. Усяго падчас свята пройдзе 130 мерапрыемстваў, разлічаныя яны на гледачоў усіх узростаў. Ужо заўтра ў Мастацкім музеі адбудуцца некалькі прэзентацый, на сцэне тэатра імя Якуба Коласа стартуюць "Тэатральныя сустрэчы", а ўвечары ў Летнім амфітэатры перад шматтысячнай публікай з сольнай праграмай выступіць Сяргей Лазараў.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "Не так шмат месцаў засталося. Скідка будзе толькі на працягу аднаго дня. І толькі на тыя месцы, якія знаходзяцца ў свабодным продажы. Гэта не распаўсюджваецца на броню".

Акрэдытацыю на юбілейны форум ужо атрымалі некалькі соцень журналістаў, супрацоўнікаў тэхнічных службаў, а таксама некаторыя творчыя калектывы вобласці. У госці на "Славянскі базар" чакаюць прадстаўнікоў 44-х краін.