125-годдзю з дня нараджэння Шагала прысвячаецца

9 августа 2013

Новы праект у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прысвячаецца 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Сюды ўвайшлі аўтарскія копіі прафесійных мастакоў Ізраіля. Гэтыя карціны - своеасаблівы дыялог сучасных ізраільскіх мастакоў і мэтра Шагала. Выставу першая ацаніла наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч.



І праз 100 гадоў Марк Шагал зачароўвае і натхняе сваёй творчасцю. Сучасныя мастакі Ізраіля ідуць крокамі Шагала, працягваюць яго мастацка-эмацыянальную школу. 30 работ у стылі а-ля Шагал па-новаму адкрываюць нам нашага земляка.


Шагал наведваў Ізраіль 8 разоў, падарожнічаў па краіне і рабіў замалёўкі сваіх эмоцый. Тэль-Авіў, Іерусалім, Цфата, усе калярова-светлавыя пачуцці і мастацкія ўяўленні біблейскай зямлі. Тут ён рабіў вітражы, мазаікі і габелены. Тут нараджаліся эскізы пейзажаў для ілюстравання Бібліі.


Некаторыя работы створаны паводле матываў віцебскіх карцін Шагала, яго беларускага перыяду. Іншыя прысвечаны вобразам яго сям'і, угадваецца і манера пісьма мэтра. Кожны мастак выставы, сярод якіх ёсць і ўраджэнцы Беларусі, перадае сваё ўспрыманне духоўнай шагалаўскай спадчыны і свой сучасны погляд.


Мастацтва аб'ядноўвае людзей, і культура кожнай краіны дадае ў палітру мастака новыя фарбы, эмоцыі і пашырае бачанне свету. Пачуць и зразумець Шагала, якога мы не ведалі, можна да 18 жніўня ў Мастацкай галерэі Савіцкага ў Мінску.