10 тысяч чалавек у авангардзе

11 июня 2014

Менавіта столькі людзей наведалі маштабную выставу сучаснага беларускага мастацтва ў Мінску. Праект Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта прайшоў адразу на трох пляцоўках сталіцы. Цырымонія закрыцця адбылася напярэдадні ў павільёне Белэкспа.

Выстава ініцыіраваная Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, каб даць магчымасць праявіць сябе ўсім актуальным мастакам. Праект аб'яднаў больш за паўтысячы эксперыментальных арт-аб'ектаў - жывапіс, графіку, скульптуру, інсталяцыю, дызайн і фота.


Барыс Святлоў, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь: Мэта была адна - пазнаёміць у першую чаргу гасцей сталіцы і, безумоўна, жыхароў нашай краіны з дасягненнямі сучаснага мастацтва, якое носіць агульную назву авангард.


Авангардысты адышлі ад традыцыйнай прэзентацыі твораў - арганізавалі майстар-класы, творчыя сустрэчы, канцэрты, кінапаказы прама сярод экспанатаў. А на цырымоніі закрыцця выступілі авангардныя тэатры Беларусі.


Ірына Дрыга, першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь: Гэты праект, які быў ініцыіраваны Кіраўніком нашай дзяржавы, быў вельмі цікавы. І яго мэта - прыцягнуць увагу да сучаснага беларускага мастацтва, да актуальнага мастацтва.


Наталля Шаранговіч, куратар праекта Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта: Імкненне паказаць нешта новае - гэта і ёсць авангард. Быць наперадзе, быць першымі, нешта прыдумляць, але пры гэтым грунтавацца на школе - гэта наша крэда, і гэтым мы цікавыя ўсяму свету.


Напярэдадні назвалі і дзясятку лепшых нефармальных аўтараў праекта. Пераможцаў вызначылі самі гледачы. Неўзабаве экспанаты адправяцца ў тур па рэгіянальных музеях.